Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У КРЫЧАЎСКІМ РАЁНЕ СЯБРОЎ БНФ ПАКАРАЛІ ШТРАФАМ ЗА ЎЛЁТКІ НА 25 САКАВІКА


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёўская вобласьць

Абвінавачаньне ў распаўсюдзе друкаваных выданьняў без выходных зьвестак прад'явілі спадарству Белазерцаву ды Парфімовічу міліцыянты. Паводле іхнай інфармацыі, людзі, якія на Дзень Волі раздавалі ўлёткі "Пастаім за цябе, Беларусь", парушылі заканадаўства.

Валеры Парфімовіч сапраўды быў затрыманы ў вёсцы Гончы Віцебскага раёну, калі раздаваў улёткі. А старшыні Крычаўскай арганізацыі Беларускага Народнага Фронту прад'явіць нейкіх абвінавачаньняў не змаглі. Усе закіды ў ягоны бок грунтаваліся на сьведчаньнях спадара Парфімовіча, які на пытаньне міліцыянтаў адказаў, што ўлёткі атрымаў ад свайго старшыні. Сам Парфімовіч на паседжаньне камісіі не зьявіўся.

Кіраўнік Крычаўскай арганізацыі Фронту спадар Белазерцаў сваёй віны не прызнаў. Ягоныя інтарэсы прадстаўляў старшыня Бабруйскага аддзяленьня Беларускага Гельсынскага камітэту Яўген Чыпурышкін, які толькі на другі раз змог трапіць на паседжаньне камісіі. Члены камісіі не маглі зразумець, нашто адказчыку спатрэбілася юрыдычная дапамога.

Зрэшты, заявы праваабаронцы істотнай ролі не адыгралі, больш важкія былі сьведчаньні міліцыянтаў і панятых.

Як вынік, член Крычаўскай арганізацыі Беларускага Народнага Фронту Валеры Парфімовіч атрымаў штраф на 5 мінімальных заробкаў, а ягоны старшыня — штраф на 3 мінімальных заробкі. Спадар Белазерцаў адмовіўся падпісаць пратакол ды мае намер абскардзіць рашэньне.
XS
SM
MD
LG