Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫЙШЛА Ў СЬВЕТ НОВАЕ БЕЛАРУСКАЕ ВЫДАНЬНЕ — ГАЗЭТА "ДЕНЬ"


Віталь Цыганкоў, Менск

Да сярэдзіны лета газэта плянуе перайсьці да штодзённага выхаду й павялічыць наклад да 10 000–15 000 асобнікаў. Галоўны рэдактар Аляксандар Тамковіч лічыць, што “День” можа знайсьці свайго чытача:

(Тамковіч: ) "Я лічу, што сёньня беларускі інфармацыйны рынак яшчэ дазваляе знайсьці сваю нішу. Ён не такі ўжо цесны. Ёсьць магчымасьць знайсьці чытача. Нашы чытачы сёньня не купляюць ані “Народнай волі”, ані “Советской Белоруссии” — вось такая аўдыторыя, за якую мы будзем змагацца.

Газэта будзе прытрымлівацца цэнтрысцкай пазыцыі: яна ні левая, ні правая — агульначалавечая".

Паводле першага нумару цяжка вызначыць, чым незвычайным “День” можа прывабіць чытача. Зрэшты, Тамковіч абяцае, што наступныя нумары павінны быць цікавейшыя.

Дэкляравана, што газэта будзе выходзіць на беларускай ды расейскай мовах. Але ў першым нумары беларуская мова займае хіба некалькі адсоткаў з чатырох палосаў. Ці захаваюцца гэткія моўныя прапорцыі надалей?

(Тамковіч: ) "Я думаю, што прапорцыі будуць мяняцца залежна ад сытуацыі. Я разумею, што ня трэба даваць інтэрвію, прыкладам, з Васілём Быкавым ці Рыгорам Барадуліным на расейскай мове. Але калі справа ідзе пра нейкі крымінал альбо сьвецкую хроніку — рабіць яе беларускамоўнай, я лічу, нямэтазгодна.

Сёньня ёсьць канкрэтная сытуацыя, умовы, у якіх мы выдаем гэтую газэту — таму мы павінны быць рэалістамі".

На пачатку і ў сярэдзіне 1990-х у Расеі выходзіла газэта “День”, якая была рупарам нацыянал-патрыятычных сілаў. Аднак Тамковіча гэта не бянтэжыць:

(Тамковіч: ) "Навошта згадваць Маскву? Давайце згадаем Прагу — там таксама ёсьць газэта “Дзень”, ёсьць у Латвіі, у Нямеччыне таксама.

Газэта “Рэспубліка”, прыкладам, амаль ва ўсіх краінах выходзіць. Дык што? Я не лічу, што ў кагосьці будуць нейкія асацыяцыі. А калі й будуць — праз 2-3 нумары яны зьнікнуць".

Зрэшты, каб газэта “День” не выклікала расейскіх асацыяцыяў, дастаткова было ейную назву напісаць па-беларуску.

Дарэчы, калі ў Латвіі ўтваралася газэта “Diena” (што ў перакладзе з латыскай “дзень”), расейскамоўную вэрсію назвалі таксама “Diena”, выключна дзеля таго, каб не ўзьнікала асацыяцыяў з расейскай шавіністычнай газэтай.

Выходзіць “День” (па ўкраінску вымаўляецца “Дэнь”) і ва Ўкраіне. Беларускі “День” сярод іх адзіны, назва якога напісана па-расейску.
XS
SM
MD
LG