Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 СУТАК АРЫШТУ ЮРАСЮ БЕЛЕНЬКАМУ ЗА БЕЛАРУСКІЯ СЬПЕВЫ НА ДЗЕНЬ ВОЛІ


Любоў Лунёва, Менск

20 сябраў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі, якія былі ў судовай залі, адрэагавалі на прысуд воклічамі: "Ганьба!", "Жыве Беларусь!"

Гаворыць Юрась Беленькі:

(Беленькі: ) "У часе судовага паседжаньня я заявіў, каб пратакол вёўся па-беларуску. Маё законнае права не было задаволенае. І шэраг найгрубейшых парушэньняў. Сьведкам выступіў маёр Барсукоў, які заявіў, што бачыў мяне на Юбілейнай плошчы. Судзьдзя не дала ў поўнай меры дапытаць гэтага чалавека. А ён да пачатку судовага паседжаньня хвілінаў 40 гутарыў зь ёй у кабінэце".

Нагадаем, Юрась Беленькі ня браў удзелу ў шэсьці й мітынгу ля стэлы на праспэкце Машэрава. Ён і сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ прайшлі па праспэкце Скарыны ад плошчы Незалежнасьці да ГУМа.

Там міністар Уладзімер Навумаў прапанаваў сп.Беленькаму добраахвотна наведаць Цэнтральны РАУС. Але Юрась Беленькі пайшоў сьвяткаваць Дзень Волі дамоў. З гэтай прычыны выйшла блытаніна з пратаколамі. Міліцыянты склалі першы пратакол на Беленькага як на арганізатара шэсьця зь Юбілейнай плошчы, але пасьля прагляду апэратыўнай відэастужкі вымушаныя былі перапісваць пратакол.

Гаворыць прэс-сакратар КХП БНФ Валер Буйвал:

(Буйвал: ) "Ад самага пачатку гэтага судовага працэсу, які цягнуўся два дні, было зразумела, што гэта ёсьць палітычным заказам уладаў. Гэта палітычная расправа над адным зь лідэраў Беларускага Вызвольнага Руху. Сам ход працэсу, дзеяньні судзьдзі Вайцяховіч пацьвердзілі нашыя меркаваньні. Прысуд вельмі жорсткі — 15 сутак пазбаўленьня волі ў турме. Ён ведаў, што будзе такі прысуд, бо гэта сьведчыў сам суд, ганебны сваім ходам і сваёй сутнасьцю".

На гэтым судовы канвэер не спыняецца. Заўтра ў Цэнтральным судзе Менску будуць судзіць лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца. Ён таксама абвінавачваецца ў арганізацыі апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка, і за гэта яму таксама пагражае адміністрацыйны арышт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG