Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭКРЭТ № 8 ЗНАЧНА ПАМЕНШЫЦЬ ГУМАНІТАРНУЮ ДАПАМОГУ БЕЛАРУСІ ЗЬ НЯМЕЧЧЫНЫ


Уладзімер Глод, Менск

У дыскусіі пад назвай "Чарнобыльская катастрофа — праз 15 гадоў", якая прайшла сёньня ў Менску, удзельнічалі прадстаўнікі нямецкага таварыства "НікаБел" з фэдэральнай зямлі Ніжняя Саксонія.

25 сябраў таварыства, якія прадстаўляюць тузін розных дабрачынных і рэлігійных арганізацыяў, прыехалі на тыдзень у Беларусь і пачалі сваю працу менавіта з дыскусіі, на якую зь беларускага боку прыйшлі былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб, вядомая лекарка Данута Бортнік, намесьнік старшыні Міжнароднай асацыяцыі гуманітарнага супрацоўніцтва Ўладзімер Аляшкевіч ды іншыя.

Госьці зь Нямеччыны вельмі занепакоеныя дэкрэтам №8. На іхную думку, гэты дакумэнт пагражае значным скарачэньнем гуманітарнай дапамогі зь іхнай краіны. Вось што гаворыць на гэты конт выканаўчы дырэктар таварыства "НікаБел" Вольфганг Копф:

(Копф: ) "З таго, што мы ўжо ведаем, я магу цяпер сказаць: зьяўленьне дэкрэту нэгатыўна паўплывае на працу ўсіх нашых шматлікіх арганізацыяў. Ды й на вашым дэмакратычным волевыяўленьні гэты дэкрэт таксама адаб'ецца адмоўна. Вядома, што і эўрапейскія структуры паставіліся да яго непрыхільна.

І я магу ўпэўнена казаць, што дэкрэт значна перашкодзіць гуманітарнай дапамозе на адрас няўрадавых арганізацыяў Беларусі й людзей, якім такая дапамога вельмі патрэбная. І калі мы гаворым пра дапамогу й самадапамогу, трэба памятаць, што людзі, якія не атрымліваюць хоць нейкай падтрымкі з-за мяжы, ня могуць самі сабе дапамагчы", — падкрэсьліў выканаўчы дырэктар таварыства "НікаБел" Вольфганг Копф.

Нямецкае таварыства супрацоўнічае зь беларускімі няўрадавымі арганізацыямі па трох накірунках: замірэньне нямецкага й беларускага народаў, рэлігійныя кантакты й падтрымка людзей, што пацярпелі ад Чарнобыльскай навалы. Дзеяньне дэкрэту №8 ахоплівае ўсе гэтыя сфэры.
XS
SM
MD
LG