Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЯЛЕЙКА – ЧЫМ ЖЫВУЦЬ І ШТО ДУМАЮЦЬ ЛЮДЗІ?


Вячаслаў Ракіцкі, Ягор Маёрчык, Вялейка

(Ракіцкі: ) "Людзям, што прыяжджаюць у Вялейку аўтобусам, горад адразу расчыняецца сваім галоўным вялізным пляцам. Тут ці ня ўсе найважнейшыя будынкі — царква, касьцёл, райвыканкам, унівэрмаг, кінатэатар, дом культуры... А ў цэнтры — Ленін.

Каб прайсьці па пэрымэтры пляца-гіганта, трэба адмерыць ці ня тысячу крокаў. Затое — справіш разам усе свае духоўныя, культурныя, грамадзянскія й спажывецкія патрэбы. Выгодна. Але ня бачна, каб хтосьці сьпяшаўся гэта зрабіць. З прычыны золкага надвор'я? Але ж субота..."

(Маёрчык: ) "Вялейка вядомая з 1599 году як мястэчка ў Віленскім ваяводзтве Вялікага Княства Літоўскага. Называлася Старым Куранцом. Славілася гандлёвым суднаходзтвам. Адсюль і герб — чырвоны шчыт, які перасякае выява ракі з суднам і залатым коласам.

Па Вяльлі ў Заходнюю Эўропу везьлі лён, збожжа, пяньку, дрэва, воск. Стагодзьдзе таму тут штогод адбывалася 4 буйных кірмашы".

(Ракіцкі: ) "Кірмаш сягоньняшні — гэта скурожаныя ад няўтульнага надвор'я і ад нястачы пакупнікоў самотныя гандляры. Наш мікрафон выводзіць людзей з апатыі. Ім хочацца нарэшце быць пачутымі".

(Гандляр: ) "Мы з жонкай раней рабілі на заводзе "Зэніт". І дайшло да таго, што далей не маглі пракарміць сваю сям'ю. Не маглі купіць белага хлеба ды малака. Адмаўлялі ў многім дзецям. Жылі на бацькоўскую пэнсію. І тады жонка пайшла гандляваць. Трэба было неяк ратавацца".

(Гандлярка: ) "На "Зэніце" працавала. Слабавата пачалі зарабляць. Работы не было. Не было камплектавальных дэталяў. Вось і сышлі".

(Ракіцкі: ) "Не шкадуеце?"

(Гандлярка: ) "Ды цяпер няма чаго туды вяртацца. Калі б быў нейкі толк, як спачатку, дык лепей працаваць на заводзе.

Калі дадуць на хлеб ды на масла, то пойдзем на завод. Будзем працаваць у дзьве зьмены, каб утрымліваць сваіх дзяцей. У мяне іх трое. Таму я сюды й прыйшла. А працавала на заводзе 18 гадоў".

(Маёрчык: ) "А вы верыце, што калі-небудзь надыдзе такі дзень, калі..."

(Гандлярка: ) "Што вы?! Ніякай веры зусім няма. Гэтак будзе й 20, і 30 гадоў. І ўсё горай, і горай. Мы атрымлівалі столькі, што хапала дзецям банан купіць. Зараз і на гэта грошай няма. Нават тут сталі ўдвая меней атрымліваць. Падаткі вялікія. А я здароўя ня маю. Почка хворая, сэрца. Рукі ад сумак адняліся зусім. Пэрспэктывы няма".

(Ракіцкі: ) "Яшчэ вельмі рана. Зараз дзьве гадзіны, а вы зьбіраецеся".

(Гандляры: ) "Няма пакупнікоў. Пачатак месяцу. Няма грошай".

(Маёрчык: ) "Тымчасам за нашымі сьпінамі распачынаецца імправізаваны мітынг. Завадатаркамі, у адказ на нашую гамонку, выступілі дзьве сталага ўзросту ўкраінкі, што прадаюць грэцкія арэхі".

(Украінка: ) "Няма ў нас грошай. Во такая ў нас Украіна. Лічым, што ў вас тут камунізм".

(Іншая: ) "Калі б я тут жыла ў вас, то галасавала б толькі за Лукашэнку. У вас людзі могуць хадзіць добра апранутыя, і ў магазіне цытрусавыя".

(Вялейская жанчына: ) "У нас можна купіць толькі кільку з заробку. Ды й тое кіляграму я не куплю, бо сяду пасьля на хлеб ды ваду".

(Вялейская бабуля: ) "У мяне двох унукаў вучацца. Я пэнсію атрымаю ды аддам. Мне цяжка, але за Лукашэнку ўсё адно буду галасаваць. Ён добры чалавек..."


(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)
XS
SM
MD
LG