Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЛЕАНІД КУЧМА: РАСЕЯ НЯ МОЖА СПРАВІЦЦА З БЕЛАРУСЬСЮ З ЭКАНАМІЧНЫХ ПРЫЧЫНАЎ


Сяргей Навумчык, Прага

Днямі зноў была вызваленая з-пад варты былы віцэ-прэм’ер Юлія Цімашэнка. Рашэньне прыняў суд, але калі бачыць у ім вымушаную саступку ўладаў, дык ўлада ня шмат дасягнула гэтым крокам. Цімашэнка адразу ж заявіла:

(Цімашэнка: ) “Уся нацыя павінна сказаць “Не!” цяперашняму прэзыдэнту”.

У сваю чаргу сёньня на прэсавай канфэрэнцыі Леанід Кучма абвінаваціў фракцыю «Бацькаўшчына», якую ўзначальвае Юлія Цімашэнка, ў развале парлямэнцкай большасьці. Прэзыдэнт Леанід Кучма заявіў, што ня мае намеру браць удзел у пагадненьні паміж урадам і парлямэнцкай большасьцю.

У інтэрвію Ўкраінскай службе нашага Радыё спадар Кучма сказаў, што не зьбіраецца сыходзіць у адстаўку. Наагул, зьмест ды інтанацыя інтэрвію падаліся нечаканымі ў параўнаньні з тым вобразам загнанага ў кут палітыка, які сфармаваўся ў апошнія месяцы. Што датычна скандалу з аўдыястужкамі, на якіх нібыта зафіксаваны голас Кучмы, які аддае загад расправіцца зь незалежным журналістам Георгіем Гангадзэ, – дык Кучма лічыць гэта фальсыфікацыяй.

Нагадаем, што менавіта гэтая гісторыя была дэтанатарам цяперашняга палітычнага крызысу ва Ўкраіне ды істотна сапсавала рэнамэ афіцыйнага Кіева на Захадзе.

Як вядома, Кучма доўгі час лічыўся прыхільнікам актыўнай інтэграцыі Ўкраіны ў Эўропу. Некаторыя сёньняшнія выказваньні Кучмы могуць падацца сэнсацыйнымі. Прэзыдэнт заявіў, што ня бачыць у Крамлі фактар небясьпекі для ўкраінскай незалежнасьці.

(Кучма: ) «Пуцін ня ставіць сабе на мэце падпарадкаваць Украіну. Яны зь Беларусьсю справіцца няздольныя з эканамічных прычынаў».

Кучма сказаў таксама, што паколькі Эўропа не імкнецца інтэграваць Украіну – ён не выключае больш інтэнсыўнага, чым сёньня, супрацоўніцтва з Расеяй.

(Кучма: ) «Для Ўкраіны гэта – рынкі збыту. Нас што, пускаюць у Эўропу? Для нас жа Эўропа зачыненая. Дык што, мы павінныя кінуць Расею, і туды пайсьці?»

Трэба меркаваць, што ў недалёкім часе мы пабачым, ці ўвасобіцца гэтая заява Леаніда Кучмы нашаму Радыё ў канкрэтныя дзеяньні, ці яна была спосабам празандаваць рэакцыю на гэткае разьвіцьцё падзеяў.

Дарэчы, можа здарыцца, што ўжо ня Кучма будзе разварочваць Украіну тварам да Расеі.

Сёньня ўкраінская апазыцыя аб’ядналася ў сваім жаданьні што б там ні было адправіць Кучму ў адстаўку. Пакуль невядома, ці рэалізуецца гэтае жаданьне. Аднак пакуль украінская нацыянальная апазыцыя ня ў стане вылучыць кандыдата, які б у сёньняшніх умовах мог атрымаць перамогу на выбарах. Можа паўтарыцца беларуская сытуацыя 1994 году, калі Беларускаму Народнаму Фронту ўдалося адхіліць ад улады Кебіча, але не ўдалося ўзяць ўладу.

Ва Ўкраіне цяперашняга прэзыдэнта, які, пры ўсіх вядомых недахопах, імкнецца да ўсё больш шчыльных узаемаадносінаў з Захадам, можа зьмяніць лідэр прамаскоўскай арыентацыі. Шэраг палітычных назіральнікаў не выключае, што далучэньне Ўкраіны да гэтак званага беларуска-расейскага саюзу можа ператварыць гэтае шмат у чым гіпатэтычнае ўтварэньне ў рэінкарнаваную колішнюю савецкую імпэрыю.
XS
SM
MD
LG