Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПАСЛАНЬНІ ФЭДЭРАЛЬНАМУ СХОДУ ПУЦІН ЗГАДАЎ ПРА ІНТЭГРАЦЫЮ З БЕЛАРУСЬСЮ ЎСЯГО НЕКАЛЬКІМІ СЛОВАМІ


Віталь Портнікаў, Масква

Выступ прэзыдэнта з пасланьнем перад дэпутатамі Фэдэральнага Сходу – у Расеі гэта своеасаблівы рытуал. Сам па сабе тэкст нічога, зразумела, не мяняе, але пасланьня чакаюць, яго зацікаўлена камэнтуюць, спрабуюць знайсьці акцэнты, якія будуць вызначаць расейскую палітыку ў бліжэйшы час. Прысутнасьць на зачытваньні пасланьня – важны знак дачыненьня да намэнклатятуры. Былы прэм’ер Віктар Чарнамырдзін, які нядаўна патрапіў у шпіталь пасьля няўдалага катаньня на сьнегаходзе, адмыслова выпісаўся са шпіталю, каб паслухаць Пуціна.

Зразумела, для грунтоўнага аналізу патрэбны поўны тэкст дакумэнту – важкага фаліянту, які ўручалі дэпутатам. Мы можам меркаваць толькі на падставе выступу Пуціна. Але і ён пакідае дастаткова адназначнае ўражаньне: калі ня сам прэзыдэнт, то прынамсі аўтары зачытанага ім дакумэнту пачынаюць усьведамляць, што Расеі наканаваныя сур’ёзныя эканамічныя і праўныя рэформы, што краіна мусіць засяродзіцца на вырашэньні неадкладных праблемаў, прычым – самымі радыкальнымі мэтадамі. Хаця Пуцін і заявіў, што час рэвалюцыяў і контрэвалюцыяў мінуў, лідэр камуністаў Зюганаў ужо пасьпеў назваць прапанаваную прэзыдэнтам праграму дзеяньняў «другой гайдараўскай рэвалюцыяй». І магчыма, старшыня КПРФ ня надта памыліўся. Калі тэзы пасланьня будуць увасабляцца ў жыцьцё, то праграма адпаведных эканамічных пераўтварэньняў мусіць быць ня менш, а можа нават больш сур’ёзнаю і пасьлядоўнаю, чым праграма рэформаў ураду Ягора Гайдара ў пачатку 90-х гадоў.

Відавочна, што ў гэтым выпадку Расеі давядзецца быць больш рэалістычнаю ў зьнешняй палітыцы. Падаецца, што ў Крамлі гэта таксама разумеюць, але дакладна ня ведаюць, што гэта такое – быць рэалістамі.

Вельмі паказальна, што пра эўрапейскую інтэграцыю Расеі Пуцін сказаў прыкладна столькі ж , колькі пра інтэграцыю на постсавецкай прасторы. А яднаньне з Беларусьсю, якое раней падавалася ці ня як галоўны накірунак расейскай зьнешняй палітыкі, зараз наогул ўзгаданае толькі некалькімі словамі.

(Пуцін: ) “Ня толькі гістарычная блізкасьць, але і ясныя практычныя меркаваньні дактыюць неабходнасьць нашых высілкаў у СНД. У пэрыяд эканамічнага пад’ёму ў Расеі тут узьнікаюць новыя магчымасьці. Мы будзем працягваць руплівую працу па стварэньні саюзнай дзяржавы з Беларусьсю”.

І ці варта здьзіўляцца гэткай стрыманасьці? Выбар надзвычай просты – ці рэальныя эканамічныя пераўтварэньні, ці марнаваньне грошай на кіраўніка суседняй дзяржавы, які ўпарта не жадае рэфармаваць эканоміку сваёй краіны. У гэтым выпадку лепш за ўсё абмежавацца абяцаньнем “працягваць руплівую працу”.

Паказальна, што Пуцін выступаў з пасланьнем Фэдэральнаму сходу на другі дзень пасьля пяцігадовага юбілею інтэграцыйных высілкаў. Але пра сьвята ніхто нават і не ўзгадаў – і для расейскай палітычнай эліты, і для насельніцтва краіны гэты юбілей прайшоў практычна незаўважаным. Расейскія мэдыі, магчыма, і наагул не заўважылі б знаходжаньня беларускага кіраўніка ў Маскве, калі б яго не ўзнагародзілі ордэнам, а сам Лукашэнка не правёў прэсаваю канфэрэнцыю. На ёй расейскіх журналістаў, не такіх шматлікіх у параўнаньні зь беларускай дэлегацыяй, літаральна ўпрошвалі задаваць пытаньні высокаму і надзвычай дружалюбнаму госьцю.
XS
SM
MD
LG