Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАРАДЗІН ЗАЯВІЎ, ШТО АМЭРЫКА ПЕРАСЬЛЕДУЕ ЯГО З-ЗА НЕПРЫНЯЦЬЦЯ БЕЛАРУСКА-РАСЕЙСКАГА САЮЗУ


Мікола Іваноў, Прага

Усё ўчорашняе судовае паседжаньне было вельмі кароткім. Акруговы судзьдзя Віктар Пагарэльскі выслухаў згоду Барадзіна на экстрадыцыю і падпісаў адпаведны ордэр. Згодна зь ім Барадзін будзе накіраваны ў распараджэньне швэйцарскіх судовых органаў на працягу 7-10 бліжэйшых дзён.

Швэйцарскія сьледчыя абвінавачваюць яго ў прыняцьці хабару на суму прыблізна 30 млн. даляраў за прадстаўленьне некаторым швэйцарскім фірмам шматмільённых кантрактаў на рэстаўрацыю Крамля і пераабсталяваньне прэзыдэнцкага самалёту.

Бары Кінган, нью-ёркскі адвакат Паўла Барадзіна, пракамэнтаваў наступствы экстрадыцыі ягонага кліента ў Швэйцарыю наступным чынам:

(Кінган: ) “Ён будзе перададзены швэйцарскім уладам непасрэдна на падставе ордэра, які прывёў да ягонага затрыманьня і допыту акруговымі судзьдзямі. Яго, магчыма, чакае звычайная працэдура абвінавачаньня ў злачынствах на падставе швэйцарскіх законаў пасьля таго, як ён прыбудзе ў Швэйцарыю. У гэтым няма нічога дзіўнага, калі ўлічваць абставіны і спосаб, як паводзілі сябе швэйцарскія ўлады дагэтуль”.

Павал Барадзін правёў у амэрыканскай турме амаль 3 месяцы. Ягоная просьба аб вызваленьні пад залог, абумоўленая тым, што яму нібыта трэба выконваць важныя дзяржаўныя абавязкі сакратара беларуска-расейскага саюзу, была адкінутая судзьдзёй Пагарэльскім на той падставе, што Барадзін можа накіравацца ў расейскую амбасаду і стаць недасягальным для амэрыканскіх судовых органаў.

Згода Барадзіна на экстрадыцыю, аднак, не азначае, што ён прызнаў сваю віну. У судзе ўчора Барадзін заявіў, што абвінавачаньні супроць яго сфальсыфікаваныя і беспадстаўныя.

Адвакат Барадзіна Кінгам сьцьвярджае, што згода Барадзіна на экстрадыцыю ў Швэйцарыю – гэта намер прадэманстраваць усяму сьвету ягоную невінаватасьць. Кінган гаворыць:

(Кінган: ) “Зусім не. Наадварот, у спадар Барадзіна зьявіцца магчымасьць даказаць невінаватасьць перад швэйцарскімі судамі. Як вы ведаеце, швэйцарскія суды ўжо двойчы прызнавалі той факт, што ён не зрабіў ніякага злачынства ні ў Расеі, ні ў Швэйцарыі”.

Гэта быў адвакат Паўла Барадзіна Бары Кінгам.

Падчас учорашняга судовага паседжаньня ў Нью-Ёрку Барадзін таксама зачытаў сваё пасланьне кіраўніцтву беларуска-расейскага саюзу. Ён сьцьвердзіў, што фэдэральная пракуратура ЗША, якая адмовіла яму ў магчымасьці вызваленьня з-пад арышту пад заклад, дзейнічала з выразна “палітычных” меркаваньняў, у тым ліку на падставе неабгрунтаванай крытыкі самога беларуска-расейскага саюзу.

Дарэчы, гэтую думку выказаў ўчора ў Маскве падчас сьветкаваньня 5-й гадавіны расейска-беларускага саюзу і Аляксандар Лукашэнка.
XS
SM
MD
LG