Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ МАГІЛЁВУ АДМОВІЛІ ФОНДУ САПЕГІ Ў ПАМЯШКАНЬНІ ДЛЯ СЭМІНАРУ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Спачатку заяву з просьбай даць памяшканьне накіравалі да дырэктара гатэлю "Магілёў". Але празь нейкі час старшыня гарвыканкаму Міхаіл Красноў запатрабаваў, каб паперу накіравалі яму.

Да нядаўняга часу ўсе кіраўнікі гатэляў мелі права самастойна здаваць канфэрэнцыйныя залі. Цяпер жа, спасылаючыся на распараджэньне гарвыканкаму, ім прапаноўваюць накіроўваць заяву ва ўпраўленьне інфармацыі гарвыканкаму.

Гэткая ж сытуацыя з дырэктарамі дамоў культуры — яны могуць здаць памяшканьні толькі пасьля дазволу кіраўнікоў раённых адміністрацыяў гораду.

Кіраўнікі апазыцыйных партыяў кажуць, што гэткая практыка зьявілася пасьля таго, як у лютым кіраўнікі гатэлю "Днепр" дазволілі сустрэчу зь Сямёнам Домашам. Аднак жа пасьля званку з гарвыканкаму сустрэчу адмянілі.

Прадстаўнікі вэртыкалі пыталіся ў арганізатараў сэмінару, ці будуць удзельнічаць у ім магчымыя кандыдаты на прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі. Арганізатары не разумеюць, нашто дзеля арэнды памяшканьня ў гатэлі трэба пісаць ліст не дырэктару, а Міхаілу Краснову.

А старшыня магілёўскага гарвыканкаму Міхаіл Красноў нават ня змог патлумачыць сваёй адмовы, на лісьце ён напісаў: "Шукаць іншага памяшканьня. Правядзеньне сэмінару ў гатэлі лічу нямэтазгодным".
XS
SM
MD
LG