Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЫТАНЬНЕ ПРЭЗЫДЭНЦКІХ ВЫБАРАЎ НЕ ПАСТАВІЛІ НА АБМЕРКАВАНЬНЕ Ў "ПАЛАЦЕ ПРАДСТАЎНІКОЎ"


Валер Каліноўскі, Менск

Сёньня пачалася вясновая сэсія Нацыянальнага сходу. Тры звароты напісалі дэпутаты "палаты прадстаўнікоў" свайму кіраўніцтву пра неабходнасьць паставіць на парадак дня пытаньне аб прызначэньні прэзыдэнцкіх выбараў.

Аднак у прапанаваным кіраўніком сталай камісіі па дзяржбудаўніцтве Міхаілам Сасонкам праекце парадку дня гэтага пытаньня не аказалася. Міхаіл Сасонка і Васіль Хрол патлумачылі, што адпаведныя прапановы не прайшлі ўстаноўленай рэглямэнтам працэдуры, што не падрыхтаваны адпаведны праект пастановы.

Незадаволены гэтым Іван Пашкевіч прапанаваў стварыць рабочую групу дзеля падрыхтоўкі праекту пастановы альбо даручыць гэтую справу адпаведным сталым камісіям. Але галасаваньне паказала, што яго падтрымалі толькі 15 дэпутатаў, супраць было 43, рэшта не галасавала. Міхаіл Сасонка і Ўладзімер Навасяд патлумачылі, што ёсьць яшчэ час, што да гэтай тэмы можна вярнуцца й пазьней.

У кулюарах дэпутаты шчыра прызнаваліся, што адкладаюць гэтае надзвычай важнае пытаньне прынамсі да 10 красавіка, калі ў "палату прадстаўнікоў" з штогадовым зваротам прыйдзе Аляксандар Лукашэнка.

Міхаіл Сасонка паведаміў Свабодзе, што ён не хацеў бы, каб гэткая адказнасьць клалася толькі на ягоную камісію, ён будзе выступаць за тое, каб праект адпаведнай пастановы рыхтаваўся адмысловай рабочай групай, у якую ўвойдуць сябры ўсіх камісіяў і якая будзе кансультавацца з палітычнымі сіламі краіны.

Але Іван Пашкевіч лічыць, што кіраўніцтва "палаты" й прэзыдэнцкая адмінстрацыя зробяць усё, каб у гэтую камісію ўвайшлі толькі асобы, ляяльныя да Лукашэнкі.

Гаворыць Іван Пашкевіч:

(Пашкевіч: ) "Пакуль ня будзе каманды ад адміністрацыі прэзыдэнта альбо ад самога прэзыдэнта, гэтае пытаньне ніколі ня вынясуць на пленарнае паседжаньне.

10 красавіка прыйдзе сюды прэзыдэнт краіны з пасланьнем, будзе чытаць свой зварот, потым зробіць адступленьне ды скажа: "Ну вось, я ведаю, — цытую, можна нават паспрачацца, — вось некаторыя дэпутаты ўносяць прапановы разгледзець гэтае пытаньне, як быццам сам прэзыдэнт краіны чагосьці баіцца. Ды я не баюся, шаноўныя дэпутаты, ну разгледзьце гэтае пытаньне". Толькі ўсё гэта будзе гучаць на расейскай мове".

Тым ня менш, сёньня ў "палаце прадстаўнікоў" стварылі адну рабочую групу. Станіслаў Гаварушкін агучыў заяву пра тое, што на 8-м участку 3-й выбарчай акругі ў Берасьці на давыбарах 1 красавіка адзін сябар камісіі й прадстаўнік выканкаму прылюдна выцягнулі 100 бюлетэняў і замянілі іх на іншыя. Гэтае парушэньне зафіксаванае, падалі заяву ў пракуратуру пра крымінальнае злачынства.

У ЦВК ж зазначаюць, што з гэтым фактам яшчэ трэба разабрацца. Іван Пашкевіч назваў агучваньне гэтай падзеі ў "палаце прадстаўнікоў" сэнсацыяй:

(Пашкевіч: ) "Мы сёньня чакаем прэзыдэнцкіх выбараў, і калі мы робім сёньня заяву на ўсю рэспубліку аб парушэньнях і што гэтыя парушэньні сталі прыкладам для разгляду дэпутацкага корпусу... Я думаю, што многія, хто працуе ў камісіях, падумае: а што рабіць на прэзыдэнцкіх выбарах?"
XS
SM
MD
LG