Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЛАДЫ ФРОНТ АДЗНАЧЫЎ "ЯДНАНЬНЕ" ПЭРФОРМАНСАМ У ЦЭНТРЫ МЕНСКУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Каля 20 сябраў Маладога Фронту сабраліся ўчора а 23-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы, каб адзначыць 5-годзьдзе гэтак званага Дня яднаньня Беларусі й Расеі.

Пэрформанс называўся "Дзень яднаньня Расеі з Дурнем". Менск і Масква ў розных часавых зонах, і, паводле лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца, калі ў Беларусі а 23-й гадзіне яшчэ адзначаюць Дзень дурня, то ў расейскай сталіцы ўжо надыходзіць гэтак званы Дзень яднаньня.

На плошчу выйшлі хлопцы апранутыя ў ватоўкі, цяльняшкі, мэдычныя халаты ды з налепленымі чорнымі вусамі. Некалькі хлопцаў, пераапранутых бандытамі, трымалі лёзунгі: "Няхай жыве аб'яднаньне крымінальных супольнасьцяў!" ды "Далоў мытні, няхай жыве адзіная наркамафіёзная прастора!"

Адзін з удзельнікаў акцыі, на шыі якога быў навязаны дрот зь лямпачкай, спрабаваў давесьці іншым, што "інтэграцыі двух славянскіх народаў замінае электрычнасьць". Гэты грамадзянін патрабаваў накіраваць яго ў расейскае Прымор'е, дзе няма ніякага сьвятла й цяпла.

Некалькі чалавек былі гатовыя хоць цяпер паехаць у Чачэнію, а двое ўдзельнікаў акцыі, якія называлі сябе "мазаічнымі псыхапатамі", хацелі проста паехаць у Расею, бо, маўляў, "Расею ж розумам не зразумець, значыць, там усе свае людзі".

За "псыхапатамі" пільна назіраў санітар у белым халаце. Нарэшце адзін з маладафронтаўцаў апрануты ў адзеньне, якое адначасова нагадвала кімано дзюдаіста ды ўтаймавальную кашулю пацыента псыхіятрычнага шпіталю, спрабаваў прывязаць сябе да стэнду з транспарантам "Пяць гадоў яднаньня з Расеяй".

У гэты ж час на плошчы зьявіліся амонаўцы й людзі ў цывільным ды затрымалі Паўла Севярынца ды непаўнагадовых Паўла Патапава й Ігара Грыгаровіча.

Усіх затрыманых завезьлі ў пастарунак Цэнтральнага раёну. Міліцыянты доўга шукалі артыкул Адміністрацыйнага кодэксу, паводле якога затрыманых можна было б прыцягнуць да адказнасьці, але так і не знайшлі. Непаўнагадовых з пастарунку выпусьцілі праз 2 гадзіны, а Севярынца пад раніцу. Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) "Адсьвяткаваць Дзень яднаньня Дурня нам удалося. Міліцыянты самі пасьмейваліся, калі бачылі ўлёткі і нашы строі, зь іхных размоваў я зразумеў, што для іх даволі сьмешнае "сьвята яднаньня Беларусі й Расеі" й даволі актуальныя прэзыдэнцкія выбары. Пыталіся ўвесь час: хто адзіны кандыдат, жадалі посьпеху. Казалі: "Хлопцы, мы ж толькі выконваем сваю працу". Словам, настрой даволі нармалёвы, і я лічу, што гэта плён дзейнасьці дэмакратычных сілаў апошнім часам".

Учора ж увечары некалькі маладафронтаўцпаў накіраваліся ў Маскву. Сёньня яны ладзілі пікеты пратэсту супраць інтэграцыі ў тых месцах, дзе зьяўляўся Аляксандар Лукашэнка. Праўда, сябар Маладога Фронту Павал Мягкоў да Масквы так і не даехаў. Міліцыянты й супрацоўнікі КГБ зьнялі яго зь цягніка ў Воршы, пасьля таго, як знайшлі ў ягоным багажы праект гэтак званай саюзнай дамовы Беларусі й Расеі.
XS
SM
MD
LG