Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЮЛІЯ ЧЫГІР ДУМАЕ ПАДАЦЬ НА ЗІМОЎСКАГА Ў СУД


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Аляксандар Зімоўскі ва ўчорашняй праграме скарыстаў для наступу на апазыцыйных лідэраў Дзень сьмеху. Ён паведаміў пра апазыцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта неверагодныя рэчы, якія суд можа расцаніць як паклёп.

Менавіта гэтак паставілася да зьвестак Зімоўскага Юлія Чыгір, пра якую паведамілі, што яна нібыта ўчыніла бойку зь Сямёнам Домашам. Юлія Чыгір зьбіраецца падаць пазоў у суд.

(Чыгір: ) "Маё цярпеньне скончылася. Я даўно зьбіраю выказваньні ды абвінавачваньні гэтага журналіста на мой адрас, але раней яму ўдавалася выказвацца так, што давесьці зьнявагу ў судзе было б цяжка. Цяпер, калі ён назваў канкрэтную падзею ды яшчэ з падрабязнасьцямі — быццам я пабіла акуляры Сямёну Домашу — хай паспрабуе гэта даказаць у судзе".

Юлія Чыгір заўважае, што Зімоўскі хлусіць таксама й пра Радыё Свабода.

(Чыгір: ) "Між іншым, Зімоўскі, кажучы гэта, спаслаўся на Радыё Свабода. Як бачыце, гэтая хлусьня абсалютна ня мае межаў".

(Карэспандэнт: ) "А чаму Вы не ўспрымаеце гэта як першакрасавіцкі жарт?"

(Чыгір: ) "Разумееце, жартаваць можна па-рознаму, які розум — такі й жарт. Але трэба жартаваць усё ж прыстойна. Яны ж пасьля гэтага ня кажуць: прабачце, мы пажартавалі. Мне сёньня ўвесь дзень тэлефануюць, пытаюцца, што там за сутычка зь Сямёнам Домашам была".

(Карэспандэнт: ) "Вы будзеце падаваць на Зімоўскага ў суд, але хіба Вам невядома, што гэта нічым ня скончыца?"

(Чыгір: ) "Усё роўна паглядзім, што ён будзе казаць у судзе, як да гэтага паставяцца судзьдзі".

Юлія Чыгір мяркуе, што судзьдзі павінны адрэагаваць на словы вядучага БТ яшчэ й таму, што ўчорашні "Рэзананс" паўтарылі сёньня раніцай, 2 красавіка, калі на Дзень сьмеху абразаў ужо ня сьпішаш.

(Чыгір: ) "Гэтых людзей разбэсьціла цяперашняя ўлада, якая дазваляе ім рабіць што заўгодна, але іх разбэсьцілі й мы, каго яны абражаюць. Бо не рэагуем на іхныя абразы", — заўважае жонка экс-прэм'ера.

Як думаюць рэагаваць на ўчорашні "Рэзананс" магчымыя кандыдаты на прэзыдэнта Сямён Домаш, Уладзімер Ганчарык і Павал Казлоўскі, пра якіх таксама згадваў Зімоўскі, высьветліць пакуль не ўдалося. Яны ўтрох сёньня па-за межамі Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG