Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОМЕЛІ МОЛАДЗЬ СЬМЯЯЛАСЯ НАД ІНТЭГРАЦЫЯЙ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Падчас акцыі ў людных месцах гораду раздалі каля 1 000 пашпартоў грамадзян Беларуска-мумба-юмбійскага саюзу. У пашпарт трэба было толькі запісаць сваё імя, прыляпіць фотакартку ды вызначыць стаўленьне да правадыра, выбраўшы з трох варыянтаў: "захапленьне", "павага" ці "лепей памаўчу".

Пашпарт грамадзяніна саюзу, паводле словаў арганізатараў акцыі, дае права служыць у Беларуска-мумба-юмбійскім войску ды флёце, вучыцца мумба-юмбійскай мове ды ўступаць у ягоную патрыятычную суполку моладзі ды нават жыць пад дахам мумба-юмбійскай мафіі.

На апошняй старонцы пашпарту грамадзяніна віртуальнага саюзу намаляваная выбарчая скрыня з надпісам: "Хутка прэзыдэнцкія выбары. Хопіць жыць у краіне дурняў!"

Абласная канфэрэнцыя БНФ "Адраджэньне", якая адбылася ў Сьветлагорску, прыняла да сёньняшняга дня адмысловую заяву, дзе сказана: "Аб'яднаньне з Расеяй — гэта 1 030 даляраў доўгу на кожнага беларуса са 160 мільярдаў зьнешняга доўгу Расеі. Гэта паглынаньне расейскім крымінальным капіталам найлепшых беларускіх заводаў ды фабрык. Гэта холад зімой у беларускіх гарадах — як у расейскім Прымор'і. Гта служба дысцыплінаваных беларускіх хлапцоў у гарачых кропках Расеі ды, вядома ж, вяртаньне на беларускую зямлю расейскай атамнай зброі".

Пры канцы заявы рэгіянальная канфэрэнцыя БНФ "Адраджэньне" робіць гэткую выснову: "Лепей жыць у сваім невялікім утульным доме, чым у агульным бараку".
XS
SM
MD
LG