Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАСКВЕ СЁНЬНЯ СЬВЯТКАВАЛІ ПЯЦІГОДЗЬДЗЕ БЕЛАРУСКА-РАСЕЙСКАГА САЮЗУ


Віктар Дзятліковіч, Масква

На сёньняшні дзень у Маскве былі заплянаваныя ня толькі пратакольныя урачыстасьці. Наадварот, дзяржаўныя прэс-службы стваралі ўражаньне, што Аляксандар Лукашэнка прыехаў у Маскву не весяліцца, а працаваць. Адбыліся сустрэча сам-насам з Уладзімерам Пуціным, паседжаньне Вышэйшага савету саюзу, Савету Міністраў саюзу.

Аднак вынік гэтых сустрэчаў амаль нулявы. Зь недэкляратыўных рашэньняў можна адзначыць толькі тое, што, нарэшце, ухвалены саюзны бюджэт на бягучы год.

Ды вось яшчэ – віцэ-прэм'ер Расеі Аляксей Гардзееў пасьля паседжаньня расейскага ўраду заявіў, што, магчыма, Беларусь пачне экспартаваць у Расею значна больш мяса, чым раней. Як вядома, з-за эпідэміі яшчуру Расея забараніла ўвозіць у краіну мяса з краінаў Эўрапейскага Зьвязу, і цяпер адчуваецца пэўны дыфіцыт. Вось толькі ці знойдзецца дзе ў Беларусі столькі мяса...

Уладзімер Пуцін з Аляксандрам Лукашэнкам пасьля прыватнае сустрэчы абмежаваліся рытарычнымі заявамі пра еднасьць народаў, ні слова не сказаўшы пра канфлікты бакоў вакол увядзеньня адзінае валюты ды фактычнага аднаўленьня мытнага кантролю на беларуска-расейскай мяжы.

Між тым, супярэчнасьці тыя вялікія. Днямі у размове з карэспандэнтам Радыё Свабода беларускі амбасадар у Расеі спадар Грыгор’еў заявіў, што калі кампраміс у пытаньні эмісійнага цэнтру ня будзе знойдзены, адзіная валюта ня будзе уведзеная ў 2005 годзе, як гэта прадугледжвае адпаведнае пагадненьне. Ён назваў «непрыймальным дыктатам» прапановы надаць функцыі эмісійнага цэнтру выключна Цэнтрабанку Расеі ці Нацбанку Беларусі.

Аднак, сёньня тыя праблемы публічна не ўспаміналі. Пуцін узнагародзіў Лукашэнку дзяржаўным расейскім ордэнам «За заслугі перад Айчынай» другой ступені.

Вышэйшая ўзнагарода – гэта ордэн першай ступені. Як відаць, на яго паслугаў Лукашэнкі пакуль недастаткова.
XS
SM
MD
LG