Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЛУНІНЦЫ – НЕЧАКАНЫ ПРЭЦЭДЭНТ ВЫКАНАНЬНЯ ЗАКОНУ АБ ВЫБАРАХ


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Якраз перад тым старшыня райвыканкаму Аляксандар Волчык паводле сваёй заявы быў вызвалены ад пасады на карысьць новага чыноўніка з Магілёўшчыны Аляксандра Бойкі. Цяпер Лунінецкі раён па ўсіх паказчыках апынуўся ледзь не апошнім у вобласьці і менавіта з гэтым зьвязваюць адстаўку Волчыка.

18 сакавіка праходзілі давыбары ў Лунінецкі райсавет па Багданаўскай выбарчай акрузе №1, дзе балятаваўся Аляксандар Волчык. Паводле пратаколу ўчастковай выбарчай камісіі, былы старшыня райвыканкаму атрымаў 50,5% галасоў.

Аднак мандатная камісія райсавету, як паведамляецца, на падставе шматлікіх заяваў грамадзянаў напярэдадні вырашыла правесьці праверку выбарчых дакумэнтаў. Як вынік, знайшлi шматлікія парушэньні — прыпіскі галасоў, галасаваньне адной асобы за некалькіх ды іншыя. У часе паседжаньня сэсіі Лунінецкага раённага савету вынікі выбараў былі прызнаныя несапраўднымі. Паўторныя выбары ў гэтай акрузе будуць восеньню, разам з прэзыдэнцкімі. Гаворыць намесьнік старшыні райсавету Вера Косьміч:

(Косьміч: ) "Выбары не прызнаныя ў сувязі з тым, што менш за палову выбаршчыкаў прагаласавалі за кандыдата — гэта адзіная прычына".

На пытаньне, ці праводзіліся падобныя праверкі вынікаў выбараў у так званую "палату прадстаўнікоў", калі назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, спадарыня Косьміч адказала, што не. Паводле ейных словаў, райсавет на гэта ня мае паўнамоцтваў.

Былы старшыня райвыканкаму Аляксандар Волчык, чыё дэпутацтва не было прызнанае, заявіў наступнае:

(Волчык: ) "Нашто сыпаць яшчэ соль на рану — ня трэба нічога пісаць".

(Карэспандэнт: ) "Дык значыць, вы згодны з рашэньнем райсавету?"

(Волчык: ) "Канечне, што тут мудрыць. Ня трэба нічога".

Варта адзначыць, што некаторыя дэпутаты і чыноўнікі ў часе сэсіі прапаноўвалі ня крыўдзіць свайго калегу, які доўгі час працаваў ва ўладзе, ды пакінуць яму месца ў райсавеце. Аднак старшыня райсавету Яўген Богдан нечакана заявіў, што перад законам мусяць быць роўныя ўсе і былы старшыня выканкаму не выключэньне.

Цяпер былы галоўны вэртыкальшчык раёну і непрызнаны дэпутат Аляксандар Волчык узначальвае ў райвыканкаме аддзел ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай аварыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG