Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ МОЖНА ПЕРАМАГЧЫ ГЕНЭТЫЧНУЮ СХІЛЬНАСЬЦЬ ДА ХВАРОБАЎ?


Мікола Іваноў, Прага

Ці можа кожны чалавек жыць доўга і ў добрым здароў’і. А што, калі вашая генэтычная спадчыннасьць выразна неспрыяльная? Што, калі абодва вашыя бацькі памерлі ў адносна маладым узросьце ад спадчынных хваробаў? Ці ёсьць таксама і ў вас шанц жыць доўга і ў добрым здароў’і?

У экспэртаў амэрыканскай грамадзка-мэдычнай арганізацыі Realage адказ на гэтыя пытаньні толькі адзіны: так, так і яшчэ раз так.

Той, хто разам з намі адказваў на пытаньні тэсту Realage для вызначэньня рэальнага біялягічнага ўзросту, памятае, што адным з галоўных фактараў, які ўплывае на cтан вашага здароў’я, сапраўды зьяўляецца так званая генэтычная спадчыннасьць альбо іншымі словамі: колькі гадоў пражылі вышыя бацькі, якімі спадчыннымі хваробамі яны хварэлі.

Эксперты Realage вызначылі, што ў сувязі з максымальна нэгатыўнай генэтычнай спадчыннасьцю ваш рэальны біялягічны ўзрост можа быць ажно на 9 год большы, чымся пашпартныя дадзеныя. Але тыя самыя экспэрты Realage аўтарытэтна cьцьвярджаюць, што, калі вы будзеце выконваць усе іхныя рэкамэндацыі ў галіне здаровага стылю жыцьця, ваш рэальны біялягічны ўзрост можа скараціцца ажно на 16 гадоў.

А вось, што гаворыць на гэтую тэму вядомы канадыйскі лекар, былы прэзыдэнт Лекарскай Асацыяцыі канадыйскай правінцыі Антарыё Барыс Рагуля.

(Рагуля: ) “Ад самага майго пачатку лекарскай працы я верыў у тое, што чалавек сам сабе стварае хваробы і сам здольны вылячыць сябе. Я лічу, што фізычная актыўнасьць, правільная дыета ёсьць падстава добрага здароў’я. Генэтыка – справа будучыні, але ўжо цяпер відавочна, што нейкія зьмены магчымыя. Але гэта можа адбыцца не раней як за 10-15 год. Цяпер жа адзіны рэальны рэцэпт на добрае здароў’е – здаровы стыль жыцьця, правільная дыета, а таксама духовы спакой і задавальненьне з таго, што чалавек робіць. Тыя, хто задаволены сваёй працай, яны могуць працаваць болей і хварэюць менш”.

Так што, мяркуйце самі: здаровы стыль жыцьця можа зь лішкам кампэнсаваць страты вашага здароў’я ад дрэннай генэтычнай спадчыннасьці. Больш таго, адзін з галоўных экспэртаў Усясьветнай арганізацыі аховы здароў’я прафэсар Гельсынскага ўнівэрсытэту Тыну Рантанен лічыць, што з дапамогай адпаведнай дыеты, спэцыяльных спартовых практыкаваньняў і пазьбяганьня дрэнных звычак можна дасягнуць надзвычайных вынікаў у змаганьні са спадчыннымі хваробамі.

Іншымі словамі, калі вашая маці і ваш бацька хворыя на цукроўку ці іншую спадчынную хваробу, гэта зусім не азначае, што гэтай хваробай павінны захварэць і вы. Тое самае датычыць раку і сардэчна-судзінных захворваньняў, галоўных забойцаў чалавека ў сёньняшнім сьвеце.

Барысу Рагулю 82 гады. Узрост, як бачым, вельмі блізкі мяжы доўгажыхарства. Ці ёсьць нейкі сакрэт ягонага доўгалецьця? А калі ёсьць, дык у чым ён палягае?

(Рагуля: ) “У мяне ёсЬць звужэньне артэрыяў. Калі я быў на мэдычным аглядзе апошні раз, дык мой кардыёляг мне кажа: ведаеш, Барыс, дзякуючы тваім лыжам, дзякуючы тваім гонкам, плаваньню, тэнісу ты падоўжыў сабе жыцьцё на многа гадоў. Лёнданская прэса была вельмі зацікаўленая маёй дзейнасьцю. Час ад часу выходзілі артыкулы з маімі фотаздымкамі, як я гуляў у тэніс. Летам на лыжах на колах, зімой на лыжах па сьнезе. Я браў удзел у лыжным марафоне на адлегласць 160 км. Паміж Манрэалям і Атавай. Два дні працягвалася гонка. Каб прыняць у гэтым удзел трэба было цэлае лета і цэлую зіму трэнавацца. Нягледзячы на вялікую нагрузку ў працы, я заўсёды знаходзіў час на гэтыя трэніроўкі. І гэта дало мне магчымасьць, каб і сёньня я мог са сваёй жонкай цешыцца жыцьцём. У мяне чацьвёра дзяцей і дзесяць унукаў. Гэта адбываецца так, таму што я сам клапачуся пра маё здароў’е”.

А вось, што вядомы канадыйскі кардыёляг Барыс Рагуля расказвае пра некалькі вельмі цікавых выпадкаў зь ягонай лекарскай практыкі. Як здаровы стыль жыцьця перамагае самыя цяжкія хваробы.

(Рагуля: ) “Пацыент 44-х гадоў. Выклікае мяне, таму што моцна баліць у грудзях. Калі яго прывезьлі хуткай дапамогай, ён амаль не памёр. З вялікімі цяжкасьцямі яго ўдалося ажывіць. Калі я пазнаёміўся зь гісторыяй ягонай хваробы, я даведаўся, што ягоны бацька памёр у 46 гадоў, адзін брат у 47 гадоў, другі брат у 45 гадоў. Яму ж было 44 гады, ён курыў два пачкі цыгарэтаў у дзень. Еў шмат тлустай ежы. Ня меў ніякіх фізычных нагрузак. І вось высокі ўзровень халестэролу прывёў яго на шпітальны ложак. І вось мы кардынальна зьмянілі ягоны стыль жыцьця. Паставілі яму найлепшую дыету, ён спыніў курэньне. Ён пачаў рэгулярна працаваць фізычна. Ня трэба было бегаць. Дастаткова было хадзіць, гадзіну ў дзень хадзіць па сьвежым паветры. І вось калі ён памёр, яму было 79 гадоў. Ён пражыў ад 44 да 79 дзякуючы выключна зьмене абставінаў.

Другі выпадак. Пацыент 50 гадоў, вагой больш за 80 кг. Высокі, здаровы дзяцюк прыйшоў на мэдычны агляд. І вось ён хоча, каб я нешта прапісаў яму ад высокага ціску. Ягоны ціск быў 240. Гэта сапраўды многа. Ён курыў, піў, дрэнна харчаваўся. Я агледзеў яго і адмовіў яму выпісаць лекі на зьніжэньне ціску. Я паставіў яму некалькі ўмоваў: спыніць курэньне, перайсьці на дыету, якую я прыпішу, і як мінімум поўгадзіны ў дзень хадзіць пешшу ў якасьці фізычнай зарадкі. Калі я адмовіўся прыпісаць яму лек, ён амаль матам па-ангельску аблаяў мяне і пакінуў мой кабінэт. Але ўжо наступным вечарам ён пазваніў і папрасіў прабачэньня. Пасьля таго, як ён пачаў выконваць мае ўмовы, на працягу двух месяцаў ягоны ціск прыйшоў у норму. Пазьней ён паехаў у ЗША, і адтуль я атрымаў ад яго вестку, што ён браў удзел у бастонскім марафоне. Ён прабег 42 км! Безь ніякай шкоды для ягонага здароў’я. Такім чынам, чалавек ня толькі з дапамогай здаровага стылю жыцьця ўратаваў свае жыцьцё, але й зрабіў яго прыемным”.

(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)

XS
SM
MD
LG