Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“СЫЛІКОНАВАЕ ПАКАЛЕНЬНЕ”. ГІСТАРЫЧНЫ ПРАТАТЫП НАШАГА ЧАСУ.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец

Калега-рэдактар паскардзіўся надоечы на новае цяперашняе пакаленьне. Кажа, не разумею я іх. Вершы пішуць складна, але нібы пад плешку, ня ў неба. Затое, у адрозьненьне ад нас, шмат моваў ведаюць і ўжо паўсьвету аб'ехалі. А да таго ж ня п'юць і ня паляць, з грашыма абароцістыя, словам, жывуць умеючы. Не разумею. Гаворыш з такім, даказваеш, сам ужо гарачы ўвесь ад перажываньня, а ён глядзіць на цябе як той банкамат - нібы ўсё пралічвае ды зьвярае твае словы зь нечым раней засвоеным. Ты яму: "Гэта ж якую можна фэерыю ўчыніць, якія фантаны!" А ён: "Недастаткова грошай на вашым рахунку". Можа так і павінна быць, але маё перакананьне, што паэт зазвычай - як вывіх - дрымучы, няясны, непрадказальны і нязручны, як для сябе, так і для іншых.

Ва ўнісон з калегам-рэдактарам скардзіцца прыяцель-выкладчык сьпеваў. І тое самае кажа пра новае пакаленьне - што добра грошы лічаць і нідзе свайго не саступяць, што адукаваныя ня ў прыклад ранейшым. Мы, кажа, партытуру за дзень да канцэрту вывучалі, а гэтыя часьцяком толькі на сцэне бяруць ноты ў рукі і сьпяваюць зь ліста. Зусім іншая школа. Прычым тэхнічна сьпяваюць, якасна. Але ніколі не геніяльна. Вось дзе праблема. Плястылінавыя яны нейкія. Агульным агнём не загараюцца.

Трэці водгук з гэтае сэрыі належаў чалавеку нібы пабочнаму, але добраму назіральніку. Ён, праўда, ужыў выраз не "плястылінавае", а сыліконавае пакаленьне. І довады меў свае. Маўляў, згадай, як было 20 гадоў таму. Колькі вакол кожнае беларускае ініцыятывы вілося ўсялякіх агентаў. Думаеш, нешта зьмянілася? Беларушчына па-ранейшаму - апазыцыя. Праўда, нашмат болей нас стала. Але ж і КГБ разросься ды прырос усялякімі тайнымі структурамі. Толькі цяпер мы пра такое ня думаем. Якраз з-за таго, што шмат нас, менш празарлівыя сталі, менш асьцярожныя.

Трох гэткіх сыгналаў на працягу кароткага часу было дастаткова. Але задумляцца я стаў ня столькі пра пакаленьне.

Рэч у тым, што кожны гістарычны пэрыяд, ягонае аблічча, фармуецца людзьмі. Ці людзі фармуюцца сваёй эпохай. Ці тое і тое разам - гэта ня важна. Важна тое, што наша эпоха, наш сёньняшні гістарычны пэрыяд ужо акрэсьліўся настолькі, што мы можам даць яму азначэньне, а самае галоўнае - можам знайсьці яму прататып у мінуўшчыне. І ў гэтай справе, як, бадай ні ў якой іншай, разумееш карысьць айчыннае гісторыі. Яна пачынае выконваць сваю найгалоўную функцыю - прадказваць нам будучыню і засьцерагаць ад яе.

З гледзішча беларушчыны неяк акрэсьліць сваю эпоху і знайсьці яе гістарычны прататып раней было немагчыма. Дваццаць гадоў назад, у 80-я, сьведамых беларусаў сапраўды было надта мала, што абумовіла рамантычны характар таго зародкавага пэрыяду. Людзі чыталі Караткевіча і разглядалі сваіх герояў па ўсёй прасторы тысячагадовае мінуўшчыны. Тут вам і Ўсяслаў Чарадзей, і Скарына, і Каліноўскі. Па-чалавечы блізкімі здаваліся нашаніўцы і БНРаўцы. Але свой, уласны маштаб кухонных ды лясных зборак не дазваляў разьвіваць паралель.

Пэрыяд незалежнасьці прамільгнуў так хутка, што ў яго толкам не пасьпелі нават паверыць, ня тое што прасякнуцца. Памятаю, лішні раз стараўся прайсьці праз плошчу Незалежнасьці, каб кінуць вокам на сьцяг і герб - нібы ўшчыкнуць самога сябе. А то й гуртом выбіраліся адмыслова паглядзець - як на дзіва. Так яно, як дзіва, і прамінула. І вось, пачалася манатонная, цягучая і яшчэ невядома наколькі доўгая эпоха... Спрабую падабраць ёй назву... Эпоха паўнезалежнасьці. Сёньня мы не задумваемся, што такія, якія ёсьць - сфармаваныя ўжо ёю. Асноўны матыў гэтай эпохі можа не заўважацца паспалітым беларускім чалавекам, але, тым ня менш, і ён падсьведама прасякнуты гэтым матывам. Будуць краіна і нацыя вольнымі і незалежнымі ці ня будуць краіна і нацыя незалежнымі і вольнымі? Пытаньне завісла ў невядомасьці.

Нібы й сапраўды зоркі леглі так, што ўсё вырашаюць вонкавыя фактары. І воля адраджэнцаў спаралізаваная тымі фактарамі ды падпарадкаваная ім. Натуральна, ані часы Ўсяслава Чарадзея, ані Скарынаў пэрыяд паўнавартаснае незалежнасьці краіны, ані паспалітае рушэньне Каліноўскага - ніводзін з гэтых этапаў разам зь іхнымі героямі для параўнаньня не надаецца. Другая характэрная рыса эпохі - наезд расейскіх чыноўнікаў, фігураў уплыву. Гэта яшчэ ня масавае нашэсьце брынцалавых, як было пасьля паўстаньня 1863 году. Гэта штосьці з ранейшых часоў - самы пачатак, калі першай інстытуцыяй у краіне, якая страціла незалежнасьць, стаў каралеўскі двор.

Яшчэ адна рыса - выезд на эміграцыю актыўнае часткі грамадзтва. Але гэта не эміграцыя апошняе вайны, якая здолела там аформіцца ў жывучыя структуры, што існуюць і працуюць дагэтуль. Новыя эмігранты гэтак не кучкуюцца, няма ў іх таго, што было ў папярэднікаў, кожны зь якіх пачуваўся неафіцыйным паслом Бацькаўшчыны, а дзе апыналіся два-тры - там ужо было і пасольства.

Наступная рыса - магчыма, ня самая вонкава нацыянальная - гэта вываз капіталаў зь Беларусі. Першыя і хуткія бізнэсмэны-мэцэнаты буйнога маштабу, мабыць, яшчэ буйнейшыя, што разбуйнелі за Лукашэнкам і тыя, што буяюць за ім цяпер. Яны не закапвалі грошы ў катэджы па пэрымэтры менскай кальцавой. Яны адразу ўцямілі, што трымаць маёмасьць у Беларусі - ненадзейна.

Нарэшце, апошняе - той згаданы прагматызм новага адраджэнскага, "сыліконавага" пакаленьня. Гэта тое, чаму найцяжэй знайсьці паралель у мінуўшчыне. Як правіла, адраджэнскі чын асацыюецца з альтруізмам. Хоць, можа быць, гэта і заганная асацыяцыя.

Такім чынам, пералічаных рысаў цяперашняе эпохі, якія, на маю думку, фармуюць дастаткова цэльны яе партрэт, дастаткова, каб нарэшце зірнуць у мінуўшчыну і ўбачыць там гэтае эпохі прататым. Зрабіць гэта я папрасіў Сяргея Харэўскага”.

(Сяргей Харэўскі: ) “Ад таго моманту, як на чале Рэчы Паспалітае стаў Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, наш край ператварыўся фактычна ў расейскі пратэктарат. Ужо праз 8 гадоў караляваньня апошняга караля адбыўся першы падзел краіны. Лёс дзяржавы быў перадвызначаны. Ніякія дыпляматычныя высілкі, эканамічныя рэформы ці патрыятычныя выступы, ня здольныя былі спыніць гэтае плыні лёсу. Нават прынятая 3 траўня, да імянінаў караля, першая ў Эўропе, Канстытуцыя нічога не зьмяняла. Адно хіба стварыла падставы новае дзяржаўнасьці, за якую можна было змагацца. Тымчасам па ўсёй краіне пад выглядам "саюзьнікаў" спакойна разьяжджалі расейскія вайскоўцы, палітычныя эмісары, дарадцы. Яны ж зьляпілі Таргавіцкую канфэдэрацыю, якая разам са шматтысячным саюзным расейскім войскам змусіла Рэч Паспалітую адмовіцца ад уласнай жа Канстытуцыі. Але відмо сувэрэнітэту яшчэ захоўвалася. Зьбіраліся соймікі й соймы. Неяк функцыянавала дзяржаўная машына. Але ў большасьці, нават сярод невыкараняльных аптымістаў, ілюзіяў не было. Нават прывідная незалежнасьць, паводле гістарычнае лёгікі мусіла быць зьліквідаваная. Але, натуральна, "законным" шляхам: з галасаваньнямі, з падпісаньнямі, з тастамі за здароўе "саюзьнікаў".


(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)
XS
SM
MD
LG