Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКІЯ НАСТУПСТВЫ МОЖА МЕЦЬ ВЯРТАНЬНЕ НА ПАСАДУ МІНІСТРА АБАРОНЫ ГЕНЭРАЛА МАЛЬЦАВА?


Аўтар і вядучы – Сяргей Навумчык.

(Навумчык: ) “Днямі быў адпраўлены ў адстаўку міністар абароны генэрал Чумакоў і на гэтую пасаду прызначаны генэрал Мальцаў, які ўжо быў калісьці міністрам абароны. Прызначэньне Мальцава было нечаканым – бо ён быў у свой час зьняты Лукашэнкам публічна, нібыта за зьяўленьне ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане. Тады ж зьявіліся вэрсіі, што гэта было справакавана, генэралу падсыпалі клафэлін. Як бы Вы, спадар Казлоўскі, патлумачылі гэтае прызначэньне?”

(Казлоўскі: ) “Я б гэта ацаніў наступным чынам. Сёньня Лукашэнка падбірае тых, хто яму асабіста адданы. Гэта палітыка Лукашэнкі. Ён баіцца дапусьціць да сваёй каманды людзей новых, якія могуць павесьці сябе неяк непрадказальна. Таму асабіста адданых людзей ператусоўвае. Мальцаў у свой час, калі быў зьняты з пасады гэткім абразьлівым чынам (нібыта п’янага з трыбуны зьняў прэзыдэнт на нейкай нарадзе ў медінстытуце) – ён гэтую абразу перанес, маўчаў нейкі час, і гэта Лукашэнка ацаніў па-свойму. Значыць, гэты чалавек у цяжкі час – а сёньня для Лукашэнкі страшна цяжкі час: прэзыдэнцкія выбары – будзе яму адданы. Таму ён і расстаўляе на сілавыя структуры тых людзей, якім ён асабіста давярае. Ён разумее, што Мальцаў ня здолее цяпер супярэчыць, неяк сказаць штосьці супраць альбо не падтрымаць яго на гэтых прэзыдэнцкіх выбарах. Гэта галоўнае. Ну а другая прычын – Лукашэнка баіцца дапускаць іншых людзей, людзей новых, якім ён можа не давяраць”.

(Навумчык: ) “Больш як пяць гадоў таму на нейкім дыпляматычным прыёме мне давялося гутарыць з тагачасным міністрам абароны Мальцавым. Ён гутарыў са мной па-беларуску. Цікава, што за некалькі тыдняў да гэтага Мальцаў даваў інтэрвью беларускаму тэлебачаньню таксама па-беларуску, што нязвыкла для прадстаўнікоў лукашэнкаўскага ўраду, тым больш – генэрала. Мальцаў – беларус. Чумакоў – расеец. Ці дазваляе апошняя перастаноўка казаць пра аслабленьне пазыцыяў прарасейскай групы ў атачэньні Лукашэнкі?”.

(Буткевіч: ) “Я мяркую, што ў цяперашнім стане вялацякучай інтэграцыі з Расеяй, руку Масквы можна знайсьці, у прынцыпе, у чым заўгодна. Кажуць, што Чумакова падтрымліваў Сяргееў, яны разам вучыліся ў Акадэміі Генэральнага штабу. А Мальцава мог парэкамэндаваць Крэмль з падачы Квашніна, начальніка Генштабу Расеі. Квашнін здолеў зваліць маршала Сяргеева. І цяпер, фактычна, ён зрабіўся кіраўніком ваеннага ведамства пры “напаўцывільным” міністры Іванове”.

(Навумчык: ) “У Маскве таксама адбыліся істотныя перастаноўкі ў сілавых структурах. Заходнія назіральнікі адзначылі, што Пуцін не знайшоў новых людзей, зрабіў ракіроўку. Тое ж самае – і ў Менску. Ці не азначае гэта кадравы крызыс у атачэньні Лукашэнкі?”

(Буткевіч: ) “Спапчатку – чаму Лукашэнка ўсё ж адправіў у адстаўку генэрала Чумакова. Даволі доўгі час ягоная фігура задавальняла Лукашэнку. Ён не прасіў грошай, не надакучваў праблемамі. У гэты пэрыяд у Лукашэнкі былі іншыя прыярытэты ў сілавых структурах. Гэта ўнутраныя войскі, міліцыя, спэцслужбы. Але, верагодна, справы ў арміі нагэтулькі дрэнныя, што Лукашэнку давялося ахвяраваць генэралам дзеля захаваньня 83-тысячнага армейскага электарату. Акрамя таго (і тут можна прыгадаць расейскі фактар), да Лукашэнкі прыйшло разуменьне, што коштам іншых – а менавіта Расеі – Беларусь ня здолее забясьпечыць сваю бясьпеку. Намесьнік сакратара Рады бясьпекі Станіслаў Князеў канстатуе, што ў Беларусі й Расеі няма ваеннага саюзу. І гэта – на фоне наяўнасьці амаль сарака дакумэнтаў аб супрацоўніцтве ў ваеннай і каляваеннай сфэрах. Сам жа дзяржсакратар Саўбезу Латыпаў нібыта сказаў, што “саюз саюзам, а клапаціцца пра абароназдольнасьць краіны трэба самастойна”. А дзеля гэтага неабходна працягнуць удасканальваньне войска, чым міністэрства не займалася на працягу апошніх пяці гадоў. Мяркую, што выбар быў невялікі, бо кадравы крызыс у адміністрацыі назіраецца з моманту прыходу Лукашэнкі да ўлады ў 94-м годзе. Напэўна, Мальцаў – найбольш удалы выбар. Ён мае вопыт рэфармаваньня беларускага войска, прычым як уверсе, гэтак і ўнізе. У свой час ён быў намесьнікам камандуючага 28 агульнавайсковай арміі у Горадні, якая была пераўтвораная ў армейскі корпус. Праца ў Штабе ў справе каардынацыі вайсковага супрацоўніцтва краінаў СНД у Маскве на пасадзе першага намесьніка, канечне, дала вопыт. Да яго плюсаў належыць абарона кандыдацкай дысэртацыі, праца над доктарскай. Ну і аўтарытэт у войску, якога ў Чумкова не было на пасадзе міністра. Што тычыца гатоўнасьці ці негатоўнасьці Мальцава выканаць любы загад галоўнакамандуючага – дык я думаю, узброеныя сілы не АМОН і ня ўнутраныя войскі што да выкарыстаньня іх як “стабілізатара” беларускага грамадзства. Маскоўскага сцэнару 1993 годуу Менску ня будзе”.

(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)
XS
SM
MD
LG