Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАФСАЮЗ РЭЧЫЦКАГА ЗАВОДУ ВЫЙШАЎ З ФПБ


Казімер Яноўскі, Гомель

Са 148 дэпутатаў, якія мелі мандаты ад 1 500 членаў прафсаюзнай арганізацыі заводу, за выхад з прафсаюзнай арганізацыі мэталістаў ды стварэньне асобнай першаснай арганізацыі "Мэтызавік" прагаласавалі 143 чалавекі. Адзін дэлегат быў супраць, і чатыры ўстрымаліся.

Старшыня прафкаму заводу Сяргей Гародка лічыць, што такі крок заканамерны. Рэчычане не маглі асудзіць дзеяньні прафсаюзу БМЗ, бо праца заводу мэталічных вырабаў на 90% залежыць ад дроту, які вырабляюць і накіроўваюць у Рэчыцу жлобінскія мэталюргі. Неўзабаве рэчычане ўвогуле думаюць аб'яднацца з БМЗ у асобны галіновы прафсаюз.

Ведае спадар Гародка і пра папярэджаньне, што атрымаў прафкам Беларускага мэталюргічнага заводу пасьля выхаду з Фэдэрацыі ад Цэнтральнай рады горна-мэталюргічнага прафсаюзу Расеі. Калегі з саюзнай дзяржавы адмысловым лістом папярэдзілі жлобінцаў, што стварэньне праўрадавага прафсаюзу могуць мець адмоўныя наступствы ў выглядзе эканамічных санкцыяў.

Гэтага цалкам могуць дамагчыся ўплывовыя заходнія прафсаюзы ў адказ на разбурэньне беларускімі ўладамі Фэдэрацыі прафсаюзаў. Рэчыцкі прафсаюзны лідэр Гародка мяркуе, што такія санкцыі мала пагражаюць ягонаму прадпрыемству, бо ў Заходняй Эўропе завод мае як спажыўцоў сваіх цьвікоў ды іншых вырабаў невялікія фірмы — а там, маўляў, прафсаюзны рух слабейшы за партнэраў БМЗ са Жлобіну.
XS
SM
MD
LG