Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПАЗЫЦЫЯ ЛІЧЫЦЬ, ШТО ЎЛАДЫ ХОЧУЦЬ ПАЗБАВІЦЬ ВЯЧОРКУ МАГЧЫМАСЬЦІ РЫХТАВАЦЬ ЧАРНОБЫЛЬСКІ ШЛЯХ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Кіраўніцтва Партыі БНФ сёньня распаўсюдзіла адмысловую заяву з нагоды арышту свайго лідэра Вінцука Вячоркі. Заява адзначае, што судзьдзя Цэнтральнага райсуду Менску Вайцяховіч груба парушыла заканадаўства й нормы вядзеньня судовага працэсу.

Паводле аўтараў заявы, першае: судзьдзя не задаволіла хадайніцтва адваката лідэра БНФ аб прыпыненьні разгляду справы да таго часу, пакуль суд не разгледзіць скаргу арганізатараў акцыі 25 Сакавіка супраць Менскага гарвыканкаму.

Другое: спадарыня Вайцяховіч не захацела выклікаць сьведкамі ў суд намесьніка кіраўніка гарадзкой міліцыі Саланца й намесьніка старшыні гарвыканкаму Пятрушына. Кіраўнікі БНФ таксама падкрэсьліваюць, што судзьдзя ня дала слова адвакату, чым парушыла правы Вінцука Вячоркі на юрыдычную дапамогу.

Аўтары заявы лічаць, што судзьдзя атрымлівала непасрэдныя ўказаньні ў справе Вінцука Вячоркі ад кіраўніцтва Беларусі, а сам арышт старшыні БНФ, на іхную думку, сьведчыць пра паніку й няўпэўненасьць уладаў у сваёй будучыні напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Гаворыць сакратар управы БНФ Аляксей Кавалец:

(Кавалец: ) "Выбіваюць аднаго зь лідэраў дэмакратычнай апазыцыі з працэсу падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх выбараў. Яны ў любы момант могуць абвесьціць прэзыдэнцкія выбары, і ён як старшыня партыі, якая ёсьць сябрам Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў і прымае вельмі важкія рашэньні, будзе выбіты з гэтага працэсу".

Сёньня ўвечары палітычны камітэт БНФ павінен вызначыць плян мерапрыемстваў дзеля абароны Вінцука Вячоркі.

У сёньняшнім прэс-рэлізе праваабарончага цэнтру "Вясна" з нагоды арышту сп. Вячоркі таксама адзначаецца, што суд праходзіў з сур'ёзнымі парушэньнямі працэсуальных нормаў. Арышт лідэра БНФ камэнтуе кіраўнік цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі:

(Бяляцкі: ) "Рашэньне суду было ня вольным, яно было залежным. Неапраўдана жорсткія меры прымаюцца, каб паспрабаваць прытушыць магчымыя масавыя акцыі — гэтай найперш 26 красавіка, якое плянуецца па ўсіх гарадах краіны".

Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька таксама зьвязвае арышт Вячоркі з жаданьнем уладаў сарваць падрыхтоўку да "Чарнобыльскага шляху".

Сёньня Вінцука Вячорку ў спэцпрыёмніку па вуліцы Акрэсьціна наведаў ягоны адвакат Сяргей Цурко. Сп. Цурко днямі накіруе ў Менскі гарадзкі суд скаргу з просьбай адмяніць рашэньне аб арышце лідэра БНФ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG