Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАНФЭРЭНЦЫЯ КАРАТКЕВІЧАЗНАЎЦАЎ У ПОЛАЦКІМ УНІВЭРСЫТЭЦЕ


Вінцэсь Мудроў, Наваполацк

Уладзімера Караткевіча справядліва лічаць ініцыятарам хвалі найноўшага беларускага адраджэньня. Ён па-ранейшаму карыстаецца ўвагай ня толькі чытацкай аўдыторыі, але й літаратуразнаўцаў, пра гэта сьведчыць навуковая канфэрэнцыя, якая пачалася сёньня ў Полацкім дзяржунівэрсытэце.

Канфэрэнцыя называецца "Ўладзімер Караткевіч і сучаснасьць", і на яе зьехаліся навукоўцы і караткевічазнаўцы зь Менску, Гомеля, Віцебску, Мазыру, Баранавічаў ды іншых гарадоў.

Адкрыў канфэрэнцыю рэктар ПДУ Бабенка, які прывітаў гасьцей ды выказаў думку, што ў творчасьці пісьменьніка можна знайсьці адказы на многія балючыя пытаньні сёньняшняга дня.

Прафэсар Белдзяржунівэрсытэту Анатоль Верабей у сваім грунтоўным спавешчаньні спыніўся на гістарызме Караткевічавай прозы.

Менская навукоўка Ева Лявонава апавядала пра інтэрпрэтацыю Караткевічам біблійных матываў. Яна абвергла тэзу пра тое, што раман "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" нібыта прафануе Біблію, адцеміўшы, што менавіта з-за гэткіх закідаў пераклад рамана дагэтуль не надрукавалі ў Польшчы.

З надзвычай цікавым і надзённым спавешчаньнем выступіла філёзаф Алена Нейкоўская. У цэнтры ейнага дакладу была праблема нацыянальнай ідэі, абуджэньне гістарычнай сьвядомасьці. Караткевіч, казала выступоўца, пакутліва думаў, сьніў, спрачаўся сам з сабой, разважаючы, як абудзіць народ ад дрымоты бязглуздага існаваньня. Не ягоная віна, што нацыянальная ідэя, якая зьяўляецца асновай сьветапогляднай трываласьці сьвету, не ўвайшла ў сьвядомасьць большасьці беларусаў.

Навуковая канфэрэнцыя працягнецца два дні. Ейныя матэрыялы выдадуць адмысловым зборнікам.
XS
SM
MD
LG