Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІРАЦКІ МІНІСТАР ПРАМЫСЛОВАСЬЦІ НАЗВАЎ БЕЛАРУСЬ ДЫ ІРАК БРАТНІМІ КРАІНАМІ


Валер Каліноўскі, Менск

Уладзімер Ярмошын, сустракаючыся сёньня з ірацкай дэлегацыяй, гаварыў пра “высокі ўзровень міждзяржаўных дачыненьняў паміж Беларусьсю і Іракам”. Паводле спадара Ярмошына, Беларусь хацела б разьвіваць ня проста гандлёвыя дачыненьні, але й сур’ёзнае эканамічнае супрацоўніцтва.

Уладзімер Ярмошын ацаніў мінулы год у дачыненьнях з Іракам як плённы, найперш з-за адкрыцьця ў Менску і Багдадзе амбасадаў.

(Ярмошын: ) "Я са шкадаваньнем павінен сказаць, што мы вымушаныя працаваць у межах рэзалюцыяў Рады Бясьпекі ААН адносна Іраку, хоць наша найвышэйшае кіраўніцтва ў асобе прэзыдэнта ды іншых кіраўнікоў заўсёды гучна і без усялякіх выключэньняў казала, што мы выступаем за адмену ўсіх санкцыяў, у межах якіх вымушаны жыць і працаваць Ірак. Якімі б складанымі ні былі міждзяржаўныя палітычныя праблемы, яны павінны вырашацца толькі мірным шляхам, і ад гэтага не павінны пакутаваць людзі".

На гэтую заяву Ўладзімера Ярмошына ірацкі міністар прамысловасьці Абдан Абдэль Маджыд Джасэн адказаў прызнаньнем у братэрскіх сувязях:

(Маджыд Джасэн: ) "Гэты візыт вельмі плённы для разьвіцьця дачыненьняў паміж нашымі братэрскімі краінамі, ён паслужыць дзеля разьвіцьця ня толькі гандлёвых сувязяў, але й дзеля наступнага будаўніцтва стратэгічных дачыненьняў паміж нашымі краінамі, моцных і доўгатэрміновых".

Сёньня ў Іраку нароўні з кампаніямі Расеі, Кітая і Францыі працуюць і беларускія прадпрыемствы. Каля 40 беларускіх суб’ектаў гаспадараньня зарэгістраваныя як імпартэры ў Ірак. Праўда, толькі 4 зь іх атрымалі права купляць ірацкую нафту: Цэнтар сумесных праектаў пры Выканаўчым камітэце Саюзу Беларусі й Расеі, “ЛАДА ОМС-Холдынг”, ТАА “Белмэталэнэрга” і СП “Белфарм”.

На 2001 год беларускі ўрад плянуе большы ў 4 разы за леташні рост экспарту ў Ірак — з 8 да 35 мільёнаў даляраў. У Савеце Міністраў незадаволеныя тым, што місія ЗША пры ААН часта падчас рэгістрацыі беларускіх кантрактаў з Іракам у Камітэце па санкцыях ААН выказвае адмысловую пазыцыю, пасьля чаго кантракты пераводзяцца ў рэжым чаканьня на няпэўны тэрмін.

За ўвесь пэрыяд дзеяньня санкцыяў Беларусь падала 53 такія заяўкі на пастаўку ў Ірак тавараў на 107 мільёнаў даляраў.
XS
SM
MD
LG