Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЧАЎСЯ ВІЗЫТ У БЕЛАРУСЬ ІРАЦКАГА МІНІСТРА ПРАМЫСЛОВАСЬЦІ


Валер Каліноўскі, Менск

Міністар прамысловасьці й прыродных рэсурсаў Іраку Абдан Абдэль Маджыд Джасэн сустракаўся зь міністрам прамысловасьці Беларусі Анатолем Харлапам і сустаршынём беларуска-ірацкай камісіі ў справе гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва — першым намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімерам Замяталіным.

На заўтра заплянаваная сутрэча з прэм’ер-міністрам Ярмошыным. Сёньня ірацкая дэлегацыя наведала Менскі трактарны завод.

Дарадца міністра прамысловасьці Беларусі Ўладзімер Чэкаў паведаміў, што разглядаецца пытаньне пра зборку беларускіх трактароў у горадзе Іскандэрыі. Ірак зацікаўлены і ў тым, каб Беларусь дапамагла мадэрнізаваць шклозавод у горадзе Рамадзі.

Пакуль што таваразварот паміж Беларусьсю ды Іракам нязначны — летась ён склаў усяго 7 мільёнаў 830 тысяч даляраў ЗША. Прытым гэта быў выключна беларускі экспарт, які складаецца збольшага зь беларускіх аўтамабіляў і трактароў.

Гандаль з Іракам, а таксама магчымыя новыя праекты, як зазначылі ў беларусім МЗС, узгадняюцца са структурамі ААН, якія кантралююць выкананьне міжнародных санкцыяў супраць Іраку ды выключна ў межах праграмы ААН “Нафта наўзамен харчоў”.

Апазыцыйныя ж палітыкі зьвязваюць актывізацыю кантактаў Беларусі з Іранам, Іракам ды іншымі ісламскімі краінамі ня столькі з экнамічнымі інтарэсамі, колькі з палітычнымі ўстаноўкамі А.Лукашэнкі. Гаворыць апазыцыйны дзеяч Аляксей Кароль:

(Кароль: ) "Думаю, што гэтая актывізацыя прадыктаваная і чыста палітычнымі матывамі, найперш гэта арыентацыя Расеі на пашырэньне сувязяў з Іранам, Іракам. І беларускае кіраўніцтва (я маю на ўвазе рэжым Лукашэнкі) зараз цалкам арыентуецца на замежнапалітычную лінію Расеі.

Гэта яшчэ й гэткі эківок дзеля прэзыдэнцкіх выбараў, маўляў, мы з вамі, з Расеяй, падтрымайце нас, у тым ліку і зыходзячы з нашай замежнай палітыкі. Па сутнасьці, рэжым абслугоўвае замежнапалітычныя патрэбы Расеі".

Як мяркуе Аляксей Кароль, асаблівага эканамічнага плёну ад супрацоўніцтва з Іранам і Іракам, які мог б кампэнсаваць страту патнэраў на Захадзе, Беларусі чакаць ня варта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG