Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЗІМЕР АРЛОЎ: РАЗУМЕЮ САКРАТА ЯНОВІЧА, АЛЕ НЕ З УСІМІ ЯГО ВЫСНОВАМІ МАГУ ПАГАДЗІЦЦА


Уладзімер Арлоў, Менск

Я разумею палемічны імпэт глыбокапаважанага мною спадара Сакрата Яновіча, але па цэламу шэрагу пазыцыяў не магу зь ім пагадзіцца. Напрыклад, для мяне абсалютна непрымальная тэза Сакрата Яновіча пра тое, што выкараненьне нацыянальнай культуры неверагодна простае – дастаткова яе не падтрымоўваць. Якраз ва ўмовах, калі беларуская культура не падтрымоўваецца, яна апошнімі гадамі пасьпяхова даводзіць сваю жыцьцястойкасьць. Дастаткова сказаць, што паўсталі новыя часопісы. Такія як “Архэ”, такія як “Калосьсе”. Зусім нядаўна зьявіўся першы нумар часопіса “Правінцыя”. Яны ў параўнаньні з дзяржаўнымі літаратурнымі часопісамі якасна іншыя.

Калі казаць, што Беларусь сёньня ня мае ніякага паняцьця пра гісторыю, мову, культуру, як сьцьвярджае Сакрат Яновіч, то я абсалютна перакананы, што няўхільна павялічваецца колькасьць тых грамадзянаў Беларусі, якія якраз маюць паняцьце. Я падам такі дастаткова красамоўны прыклад, калі на першую прэзэнтацыю нашай кнігі “10 вякоў беларускай гісторыі” у бібліятэцы імя Янкі Купалы ў Менску ў залю, разьлічаную на 200 месцаў, прыйшло 600 чалавек.

Я не магу пагадзіцца з тым, што беларускага школьніцтва сёньня не існуе, і што некалькі школак называюцца беларускімі, але ніхто ў іх па-беларуску не заікаецца. Я маю сына Багдана, які скончыў Беларускі гуманітарны ліцэй, дзе ўсе дысцыпліны выкладаюцца па-беларуску, унікальную сапраўды, але нельга сказаць, што гэта адзіная беларускамоўная навучальная ўстанова. Па дадзеных Таварыства Беларускай Школы ў гэтым навучальным годзе па-беларуску навучаецца 435 тысячаў беларускіх школьнікаў – гэта толькі 29 адсоткаў. Безумоўна, гэтага зусім недастаткова, але казаць, што беларускага школьніцтва ўжо зусім не існуе, будзе абсалютна несправядліва.

Што да тэзы Сакрата Яновіча, нібыта ў Менску ненавідзяць беларускую мову, бялеюць са злосьці, дык у нас якраз сытуацыя зьмянілася. Беларускую мову цяпер у Менску і ня толькі ў ім успрымаюць як адзнаку адукаванасьці носьбіта беларускай мовы альбо, можа быць, як адзнаку апазыцыйнасьці чалавека, які гаворыць па-беларуску, але яна надзвычай рэдка выклікае нэгатыўную рэакцыю.

А наконт таго, што па-беларуску гаворыць толькі тысяча патрыётаў, я таксама не пагадзіўся б. Няхай Сакрат Яновіч прыедзе на Чарнобыльскі шлях і паслухае, на якой мове гавораць тысячы, можа дзясяткі тысяч, удзельнікаў апазыцыйных акцыяў.

І апошняе, што, відаць, варта сказаць. Сёньня існуе дзьве Беларусі. У кожнай зь іх свае каштоўнасьці, свая сымболіка, свая мова, свая ідэя, сваё ўяўленьне будучага шляху. Няхай тая Беларусь, якая ўласна ёсьць Беларусьсю, дзякуючы якой захоўваецца на палітычнай мапе сьвету нашая дзяржава, няхай гэтая Беларусь пакуль што ў колькасным дачыненьні меншая за тую Беларусь, расейскамоўную, якая захінула Сакрату Яновічу іншую Беларусь, але тая Беларусь, якая ёсьць уласна Беларусьсю – ёсьць рэальнасьцю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG