Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕРАСЬЦІ ЗАСУДЗІЛІ АКТЫВІСТА БНФ ЗА НЕДЭКЛЯРАВАНЬНЕ НА МЯЖЫ “БЕЛАРУСКІХ ВЕДАМАСЬЦЯЎ”


Алег Супрунюк, Берасьце

Алесь Чахольскі быў затрыманы на польска-беларускай мяжы 2 сакавіка, калі цягніком Цярэспаль–Берасьце вяртаўся на радзіму. Падставай для затрыманьня стала тое, што спадар Чахольскі вез 745 асобнікаў бюлетэня "Беларускія ведамасьці".

На берасьцейскай мытні Алеся Чахольскага абвінавацілі, што ён адпаведным чынам не задэкляраваў друкаваную прадукцыю. Сёньня ў адміністрацыйным судзе Берасьця спадар Чахольскі спрабаваў давесьці, што ён не абавязаны быў паведамляць мытнікам пра наклад "Беларускіх ведамасьцяў".

Рэч у тым, што мытная дэклярацыя патрабуе зьвестак пра друкаваную прадукцыю, якая мае шкодную для палітычных ды эканамічных інтарэсаў дзяржавы інфармацыю, прапагандуе нацыянальную ды рэлігійную варожасьць. Чахольскі лічыць, што матэрыялы "Беларускіх ведамасьцяў" не падпадаюць пад гэты пункт мытнай дэклярацыі. Гэтых тлумачэньняў судзьдзя Алег Міранюк не прыняў.

Алесю Чахольскаму далі штраф на 50 мінімальных заробкаў. Увесь затрыманы на беларускай мытні наклад "Беларускіх ведамасьцяў" мусіць перайсьці дзяржаве.

Вось як пракамэнтаваў пастанову суда сам спадар Чахольскі:

(Чахольскі: ) "Відавочна, што рашэньне прынялі палітычнае, ніякага суда — гэта фарс. Судзьдзя Міранюк выконваў устаноўку ўладаў, ад яго фактычна нічога не залежала. Улада баіцца слова праўды".

А.Чахольскі паведаміў, што будзе абскарджваць судовае рашэньне ў Берасьцейскім абласным судзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG