Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОРАДНІ АБРАЛІ НОВАГА СТАРШЫНЮ АБЛВЫКАНКАМУ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Уладзімер Саўчанка – 1952 году нараджэньня, з Магілёўшчыны, скончыў сельгасакадэмію. Лукашэнка сказаў што ведае яго ўжо каля трох гадоў, і што няважна, хто зь якой вобласьці, бо дзяржава ў нас адзіная. Трэба сказаць, што яшчэ ўчора Лукашэнка прызначыў новага старшыню аблвыканкаму сваім указам. Дэпутаты павінныя былі толькі фармальна зацьвердзіць кандыдатуру.

Прызначэньне Саўчанкі было крыху нечаканым. Ён быў прысланы ў Горадню на пасаду першага намесьніка кіраўніка вобласьці з Магілёву ўлетку 1999 году. Пасьля сьмерці старшыні аблвыканкаму Аляксандра Дубка 4 лютага сёлета Ўладзімер Саўчанка стаў выконваць яго абавязкі, аднак у аблвыканкаме гаварылася, што хутчэй за ўсё бузе прызначаны больш рашучы, жорсткі чалавек.

Лукашэнка сказаў на сэсіі, што на пасаду старшыні прэтэндавалі больш за 10 патэнцыйных кандыдатаў, аднак па некаторых зь іх узьніклі пытаньні – чаму пры такіх заробках, у іх такая маёмасьць? Праверкай зоймецца Генэральная пракуратура.

Падчас сэсіі ўсе двары навокал аблвыканкаму былі перанасычаныя міліцыяй. Ля недалёкай будоўлі некалькі гадзінаў дзяжурылі паўсотні міліцыянтаў і амонаўцаў, рабочым забаранілі працаваць і распусьцілі іх.

Сёньня ў Горадні гасьцяваў яшчэ адзін ураджэнец Магілёўшчыны Барыс Майсееў, які прывез сваё новае шоў. У адкрытым эфіры гарадзкога радыё ён падзякваў свайму земляку Аляксандру Лукашэнку за магчымасьць выступіць у Беларусі з гастролямі. Барыс Майсееў назваў Лукашэнку адным з трох вядомых людзей, якімі беларусы могуць ганарыцца, паставіўшы яго на трэцяе месца пасьля Марка Шагала і сябе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG