Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЕЛАРУСКІЯ РАКЕТЧЫКІ ВУЧАЦЦА БАРАНІЦЦА АД САМАЛЁТАЎ НАТО


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Манэўры на Палескім палігоне ў Столінскім раёне ўпершыню за гады незалежнасьці мяркуюць запуск баявых ракет клясу "зямля–паветра". Якраз сёньня такая страляніна вялася з зэнітных комплексаў С-125, вядомых як "Пячора".

Раней беларускія ракетчыкі езьдзілі на такія вучэньні ў Астраханскую вобласьць Расеі, на палігон Ашулук, што вымагала значна большых выдаткаў і абмяжоўвала колькасьць удзельнікаў.

Сёлета, паводле кампэтэнтных крыніцаў, камандуючы супрацьпаветраных сілаў Беларусі Валер Кастэнка пераканаў вайсковае кіраўніцтва, што і ў Беларусі магчыма ладзіць такія складаныя вучэньні.

Мэту вучэньняў супрацоўнік прэсавай службы Міністэрства абароны Генадзь Худзінскі вызначыў як досьведна-экспэрымэнтальную. Ставіцца задача набыць досьвед запуску ракет і засвоіць свой палігон.

Я спытаўся ў Генадзя Худзінскага, ці выкарыстоўваецца на гэтых вучэньнях досьвед змаганьня з самалётамі НАТО югаслаўскіх сіл супрацьпаветранай абароны, аднак супрацоўнік прэсавай службы пра гэта гаварыць адмовіўся.

Між тым, паводле кампэтэнтных крыніцаў, тыя, хто наладзіў цяпер манэўры з баявымі ракетамі, усё ж мелі на ўвазе нядаўнія падзеі ў Югаславіі.

Палкоўнік Міністэрства абароны Аляксандар Шчукін мяркуе, што югаслаўскія зэнітчыкі ня здолелі эфэктыўна супрацьстаяць авіяцыі НАТО, што й прывяло да паразы Югаславіі. Таму лягічна, што Міністэрства абароны наладзіла вучэньні з імітацыяй абароны ад самалётаў менавіта ў Беларусі, — лічыць палкоўнік. Ён, аднак, не пажадаў даваць камэнтароў да магчымага супрацьстаяньня НАТО і Беларусі.

Нагадаю: учора на нарадзе ў Міністэрстве абароны Аляксандар Лукашэнка заявіў, што беларускае войска лепш за ўсіх у СНД "захавала баяздольнасць".

Пра вынікі страляніны баявымі ракетамі пакуль не паведамляюць. Іх падсумуе новы міністар абароны Леанід Мальцаў, які свой першы працоўны дзень на гэтай пасадзе правёў сярод зэнітчыкаў у палескіх балотах.
XS
SM
MD
LG