Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНГАРСАВЕТ АДРЭАГАВАЎ НА ПРАТЭСТ СТАЛІЧНЫХ ГАНДЛЯРОЎ


Міхал Стэльмак, Менск

Раніцай на рынку "Дынама" адбыўся прадпрымальніцкі сход. Лідэры прафсаюзу "Садружнасьць" пазнаёмілі гандляроў з рэакцыяй сталічных уладаў на акцыю пратэсту, што адбылася 27 сакавіка. Стыхійны страйк і шэсьце да будынку Менгарвыканкаму мелі розгалас ва ўладных структурах.

Вось што паведаміла на сёньняшнім сходзе адна зь лідэрак "Садружнасьці" Кацярына Навумовіч:

(Навумовіч: ) "Тое, што ў аўторак мы зьядналіся і выказалі меркаваньне наконт ставак адзінага падатку — гэта нас уратавала. А выказаліся мы дзеля таго, каб урад зразумеў, што няма ў нас такіх грошай, каб плаціць 100 даляраў падатку.

У іх якая пазыцыя? Каб мы маўчалі ды яшчэ каб траціна перайшла працаваць на заводы. Тады б яны зрабілі выснову, што ўсё нармальна. Абы ціха. Таму наш падатак наўпрост зьвязаны з нашым маўчаньнем".

Аднак, як вынікае зь ейных словаў, пра перамогу гандляроў казаць зарана. Учора Менгарсавет толькі адтэрмінаваў разгляд прадпрымальніцкіх падаткаў. Паводле прафсаюзных зьвестак, ужо 2 красавіка канфлікт з уладамі можа зноў распачацца.

Між тым, у шэрагах гандляроў няма адзінства наконт далейшых дзеяньняў. Прыхільнікі гарадзенскага прадпрымальніка Валер'я Леванеўскага агітуюць супраць плянаў прафсаюзу "Садружнасьць" і Свабоднага прафсаюзу.

Многія гандляры міжпрафсаюзную канфрантацыю лічаць шкоднай. Аднак, як засьведчыў сёньняшні сход, садзіцца за стол перамоваў лідэры прадпрымальніцкіх прафсаюзаў пакуль не зьбіраюцца.
XS
SM
MD
LG