Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ТРЭБА БЕЛАРУСКАЙ ЭЛІЦЕ РЫХТАВАЦЦА І ДАЦЬ БОЙ НА ЎСЕБЕЛАРУСКІМ СХОДЗЕ” ДЫ ІНШАЕ


Лісты слухачоў чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Як зьмянілася жыцьцё большасьці людзей за тыя сем гадоў, цягам якіх пры ўладзе ў Беларусі Аляксандар Лукашэнка? Выглядае, што адказ менавіта на гэтае пытаньне будзе вызначальным празь некалькі месяцаў, калі адчыняцца выбарчыя ўчасткі й будзе вырашацца лёс краіны на бліжэйшыя пяць гадоў.

Многія людзі ўвесь гэты час вучыліся выжываць. Досьвед выжываньня нескладаны й падобны ў сотняў тысячаў беларускіх сем'яў. Вось як апісала яго ў сваім лісьце на Свабоду Алена Весялоўская зь Менску:

“Я — настаўніца пачатковых клясаў. Жыву адна, выхоўваю сына-школьніка. Маёй зарплаты (а гэта 45 000 рублёў) зь цяжкасьцю хапае толькі на самыя неабходныя прадукты (мяса, рыба й ласункі для дзіцяці фактычна выключаныя). Купіць што-небудзь з адзеньня таксама не выпадае.

Выжываю я, як і тысячы іншых людзей у Беларусі, фактычна толькі дзякуючы лецішчу, тым шасьці соткам, на якіх вырошчваю бульбу ды іншую гародніну. Але колькі гэта вымагае часу і поту! А які адчай, калі, прыехаўшы за 40 кілямэтраў з гораду, бачыш, што ў тваім буданчыку нехта пабываў, зьнішчыў ці зьнёс здабытае тваім мазалём.

Часам мне здаецца, што іншага жыцьця й не бывае. Казачныя “мыльныя опэры” я па тэлевізары не гляджу, бо ў казкі даўно ня веру.

А напісала вам пасьля таго, як выпадкова пабывала на мітынгу 25 Сакавіка, а потым паслухала адну вашу перадачу. Хочацца вам верыць, бо калі тое, як мы жывём — назаўсёды, тады й жыць ня хочацца… Але калі й вы падманваеце, то няма вам дараваньня”, — напісала настаўніца зь Менску Алена Весялоўская.

Вызначыць, хто кажа праўду, а хто хлусіць, павінны вы самі, Алена. І ваш жыцьцёвы досьвед, штодзённыя назіраньні й супастаўленьні словаў і ўчынкаў палітыкаў — найлепшыя ў гэтым памочнікі.

Яшчэ адзін наш слухач — Павал Лапацік зь Менскага раёну — зьместам перадачаў Свабоды незадаволены. Вось урывак зь ягонага ліста:

“Надакучыла слухаць, як вы на ўсе лады расхвальваеце Захад. Ды навошта рускаму чалавеку тыя правы чалавека? Жыў ён бязь іх тысячу гадоў — і далей будзе жыць. У любога вашага кандыдата, які паспрабуе пад гэтымі лёзунгамі перамагчы на выбарах, няма ніякіх шанцаў.

Нашы людзі любяць, каб было проста і зразумела: палез куды ня трэба — гумавай палкай па лбе, вось і ўсе правы чалавека. Лукашэнка гэта разумее — таму й перамагае. І цяпер пераможа. Каб справіцца з усімі вашымі назіральнікамі, пікетоўцамі ды апазыцыянэрамі, дастаткова роты АМОНу — толькі пер’е паляціць”, — лічыць Павал Лапацік зь Менскага раёну.

З дапамогай АМОНу славалюбны палітык, сапраўды, можа вырашыць многія ўласныя праблемы — запалохаць нязгодных, умацаваць асабістую ўладу, заціснуць ці ўвогуле зьнішчыць апазыцыю. Але АМОН бездапаможны ў іншых сытуацыях — калі людзі даведзеныя да галечы, калі ў школах і дзіцячых садках галодныя дзеці губляюць прытомнасьць, а кваліфікаванаму настаўніку і ўрачу не хапае зрплаты нават на харчаваньне.

Там, дзе канчаюцца правы чалавека, спадар Павал, пачынаюцца галеча, голад і бяспраўе. І людзі гэтую ўзаемазалежнасьць рана ці позна ўсьвядомяць — найперш на ўласным досьведзе.

Міхась Сілівонік зь Берасьця адгукнуўся на нядаўнюю перадачу, якую вёў Сяргей Навумчык з удзелам Вячаслава Сіўчыка ды Івана Пашкевіча, у якой ішла размова пра беларуска-расейскія дачыненьні. Міхась піша:

“Я згодзен зь Вячаславам Сіўчыкам: калі сёньняшні рэжым захаваецца, то беларусаў чакае канчатковая асыміляцыя. Расейскі імпэрыялізм, маючы ў Беларусі вялікую пятую калёну ад КГБ, арміі ды міліцыі, пасьля распаду СССР стварыў фактычна акупацыйную адміністрацыю.

У гэтай сувязі згадваецца адно з апошніх апавяданьняў Васіля Быкава — “На балотнай купіне”. Гераіня ягоная, настаўніца, атрымала кулю ў патыліцу ад сваіх жа, партызанаў. Вялікі майстар гэткім чынам кажа пра лёс усёй беларускай інтэлігенцыі.

Напэўна, трэба нашай беларускай эліце рыхтавацца й даць бой на Ўсебеларускім сходзе, які рэжым зьбіраецца правесьці ў траўні. І не чакаць прэзыдэнцкіх выбараў, бо яны могуць і не адбыцца. Вось унясе Палата прадстаўнікоў зьмены ў Канстытуцыю, адменіць прамыя выбары і сама выбера Лукашэнку яшчэ на пяць гадоў: маўляў, трэба эканоміць грошы. Ад рэжыму можна чакаць і ўвядзеньня надзвычайнага стану", — напісаў Міхась Сілівонік зь Берасьця...

(Цалкам тэкст перадачы будзе зьмешчаны заўтра ў адпаведным разьдзеле сайту)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG