Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БУНТ ЖАНДАРАЎ” У ГІШПАНІІ І БЕЛАРУСКІЯ ПАРАЛЕЛІ


Віталь Тарас, Прага

Беларусі наканавана вярнуцца ў цывілізаваную Эўропу, але беларусы яшчэ толькі шукаюць сябе ў сучасным сьвеце.

Як і чаму вяртаньне Гішпаніі да эўрапейскай дэмакратыі ледзь не сарвалася 20 гадоў таму? Што адыграла вырашальную ролю ў мірным пераходзе ад дыктатуры да дэмакратыі? І што агульнага паміж тагачаснай спробай перавароту ды нядаўнімі падзеямі ў Беларусі? Пра гэта – у сёньняшнім выпуску перадачы “Выкраданьне Беларусі”. У перадачы прымае ўдзел гішпанскі журналіст Хуан Коба.

“Над усёй Гішпаніяй бясхмарнае неба”. Гэтую фразу, якая некалі паслужыла сыгналам для паўстаньня франкістаў, многія памятаюць са школьных вурокаў гісторыі. Фраза зрабілася сталася свайго роду клішэ, кшталту таго, што ўсе гішпацы – гідальга, і што ў Гішпаніі любяць карыду. У савецкай школе навязваліся і іншыя стэрэатыпы: напрыклад, што сапраўдная дэмакратыя можа быць толькі пры сацыялізме, і што манархія, безумоўна, больш адсталая форма праўленьня, чымся рэспубліка. Аднак, рэальнасьць часта разбурае стэрэатыпы. Так у Гішпаніі менавіта кароль аднойчы ўратаваў дэмакратыю…

Адзін з самых яскравых успамінаў мінулага: на тэлевізійным экране – група людзей у вайсковай форме ўрываецца ў гішпанскі парлямэнт. Гучаць стрэлы, дэпутаты падаюць ніцма на падлогу… Гэтымі кадрамі пачыналіся ўсе выпускі навінаў 23 лютага 1981 году. Падзеі ў Мадрыдзе прыцягнулі ўвагу журналістаў ды аналітыкаў ва ўсім сьвеце. І толькі савецкае тэлебачаньне паведамляла ў Дзень савецкай арміі пра спробу вайсковага перавароту вельмі скупа – каб пазьбегнуць, як тады казалі, “непажаданых асацыяцыяў.”

Сёлета, у дваццатую гадавіну тых падзеяў пра іх мала хто згадаў, калі не лічыць самой Гішпаніі. Між тым, на думку гішпанскага журналіста Хуана Коба, у тагачасных падзеях было шмат цікавага ды павучальнага для кожнага грамадзтва, якое спрабуе перайсьці ад аўтарытарнага да дэмакратычнага ладу. Пра гэта ён напісаў у сваім артыкуле “Бунт жандараў”, апублікаваным у часопісе “Новое время”.

Мы зьвязаліся з аўтарам артыкулу, які жыве ў Валэнсіі, па тэлефоне. Што, на думку Хуана Коба, адыграла галоўную ролю ў мірным пераходзе гішпанскага грамадзтва да дэмакратыі?

(Коба: ) “Працэс пераходу Гішпаніі ад дыктатуры Франка да дэмакратыі, які пачаўся пасьля сьмерці дыктатара ў 1975 годзе і працягваўся некалькі год, згадваецца ва ўсім сьвеце палітолягамі й палітыкамі як свайго роду ўзор. Па-гішпанску ён называецца “transvesеtion” – г.зн. пераход, зьмена эпохі.

Перш за ўсё, у гэтым амаль бяскроўным працэсе пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі адыграла сваю ролю асоба караля, які карыстаецца агромністай папулярнасьцю ў краіне…

Адыграла ролю і тое, што ў нетрах франкісцкага рэжыму высьпелі рэфармісцкія настроі. Але галоўны фактар – гэта тое, што Гішпанія была глыбока траўмаваная ўспамінамі аб грамадзянскай вайне 1936-га – 39 га гадоў, калі загінулі, па розных падліках, ад шасьцісот тысячаў да мільёна чалавек і якая скончылася дыктатурай. А гэта была дыктатура – калі расстрэльвалі, калі было духоўнае падаўленьне і гэтак далей.

У апошнія гады рэжым Франка ператварыўся ў мяккую дыктатуру, страціў былую жорсткасьць. Пачаўся эканамічны бум, але не таму, што быў Франка, а таму што зьявіліся тэхнакраты – людзі, далёкія ад палітыкі, якім ён быў патрэбны як гарант стабільнасьці. Але калі Франка сканаў, дык усе грамадзкія сілы і партыі імкнуліся неяк дамовіцца, каб пазьбегнуць гвалту.

І акрамя таго, людзі хацелі жыць, як у Эўропе – напрыклад, свабодна глядзець кіно, у тым ліку забаронены ў Гішпаніі фільм “Апошняе танга ў Парыжы”, свабодна езьдзіць за мяжу. Яны хацелі, каб ніхто ня лез у іх прыватнае жыцьцё.

Тым ня менш, у гэтым працэсе трансфармацыі, які ўвайшоў у хрэстаматыі паліталяёгіі, ёсьць нямала старонак, аб якіх прыхільнікі “гішпанскай мадэлі” чамусцьі ня кажуць. Ён ня быў такім ужо ідылічным і ружовым. І шмат разроў гэты працэс вісеў, што называецца, на валаску.

Яскравым прыкладам гэтага Хуан Коба лічыць дзень 23 лютага 1981 году. У сваім артыкуле “Бунт жандараў” ён піша:

“У салі гішпанскіх Картэсаў сабраўся парлямэнт у поўным складзе, амаль усе сябры кабінэту, лідэры ўсіх палітычных партыяў. Гадзіньнікі паказвалі 18:22, калі побач з трыбунай нечакана ўзьнікла група жандараў у чорных лякавых гішпаньёлках, узброеных аўтаматамі й пісталетамі. Іхны кіраўнік – падпалкоўнік Тэгера, даўно вядомы ўсім як фанатычны прыхільнік Франка і вораг дэмакратыі, закрычаў: ”Усім легчы на падлогу!” Затым пачулася нецэнзурная лаянка і – стрэлы. На шчасьце, у столь. Дэпутаты паваліліся пад свае крэслы. Не схацелі падпарадкавацца загаду толькі кіраўнік ураду Адольфа Суарэс, ягоны намесьнік Мануэль Гуцiерэс Мельяда і лідэр камуністаў Сант’яга Карыльля, які працягваў як ні ў чым ні было пасмоктваць цыгару. Раз’юшаны генэрал Мельяда – фізычна слабы, зусім немалады – ледзьве не з кулакамі кінуўся на жандараў, Яму груба скруцілі рукі. На дапамогу генэралу пасьпяшаўся Суарэс, зь ім абыйшліся ня менш жорстка. Зноў прагучалі стрэлы. На шчасьце, кроў і гэтым разам не пралілася...”

(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG