Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЭЎРАПЕЙСКІ ЗЬВЯЗ ЗАПАТРАБАВАЎ АД ЛУКАШЭНКІ СКАСАВАЦЬ СВОЙ АПОШНІ ДЭКРЭТ


Мікола Іваноў, Прага

У “Дэклярацыі” кіраўніцтва Эўрапейскага Зьвязу (менавіта так называецца гэты дакумэнт) выказваецца глыбокая заклапочанасьць з нагоды дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі ад 12 сакавіка.

Лідэры ЭЗ лічаць, што гэты дэкрэт спрычыніцца да яшчэ большага скарачэньня замежнай дапамогі Беларусі ў галіне дэмакратызацыі, правоў чалавека і гуманітарнай дапамогі.

“Дэкрэт сымбалізуе сабой, – гаворыцца ў Дэклярацыі кіраўніцтва ЭЗ, – адыход ад раней выказанага імкненьня весьці дыялёг з міжнароднай супольнасьцю і прывядзе да яшчэ большай самаізаляцыі. Таму ЭЗ патрабуе, каб беларускія ўлады скасавалі дэкрэт.

ЭЗ вельмі пільна сочыць за тым, як адбываецца працэс дадатковых парлямэнцкіх выбараў у Беларусі і за перадвыбарчай кампаніяй. Ён улічвае тыя ацэнкі, якія даюць Беларусі прадстаўнікі ЭЗ і сябры Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ. На перамовах з беларускім міністэрствам замежных справаў Эўрапейскі Зьвяз падкрэсьліваў важнасьць прагрэсу ў галіне выкананьня супольных вядомых умоваў АБСЭ, ЭЗ і Рады Эўропы.

Эўрапейскі Зьвяз выказвае жаль з нагоды таго, што такі малы прагрэс быў дасягнуты напярэдадні дадатковых парлямэнцкіх выбараў у галіне выкананьня гэтых умоваў.

Калі б беларускія ўлады выказалі жаданьне, – гаворыцца ў Дэклярацыі кіраўніцтва ЭЗ, – стаць на сапраўдны шлях дэмакратызацыі, ЭЗ ахвотна прыйдзе на дапамогу.

ЭЗ будзе надалей пільна сачыць за працэсам перадвыбарчай кампаніі напярэдадні сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў. Ён патрабуе ад ураду Беларусі стварыць палітычныя ўмовы для свабодных і справядлівых прэзыдэнцкіх выбараў у адпаведнасьці з раней згаданымі ўмовамі.

ЭЗ яшчэ раз падкрэсьлівае важнасьць дэмакратычных выбараў дзеля будучых адносінаў паміж Беларусьсю і Эўропай. Гэта будзе першым неабходным крокам на шляху нармалізацыі адносінаў з ЭЗ.

Да гэтай дэклярацыі далучаюцца краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, асацыяваныя з ЭЗ, асацыяваныя краіны Кіпр, Мальта і Турэччына, а таксама краіны-сябры арганізацыі ЭФТА і сябры Эўрапейскай эканамічнай прасторы,”

– падсумоўваецца ў Дэклярацыі кіраўніцтва Эўрапейскага Зьвязу.

Гэтая заява-папярэджанье Аляксандру Лукашэнку – ня першая, прынятая ў ЭЗ. Але гэтым разам за ёй, магчыма, пойдуць канкрэтныя крокі, накіраваныя на далейшае скарэчэньне гуманітарнай і іншай дапамогі Беларусі. Каб даведацца, якія гэта могуць быць крокі, я пазваніў у штаб-кватэру ЭЗ у Брусэль і папрасіў дарадчыка супольнага прэзыдэнцтва ЭЗ швэдзкага дыплямата Ларса Відэмайера пракамэнтаваць гэтую заяву. Прыгадаю, што Швэцыя цяпер зьяўляецца старшынёй ЭЗ.

(Відэмайер: ) “ЭЗ імкнуўся накіраваць Беларусі выразнае пасланьне аб тым, што мы вельмі заклапочаныя сэнсам апошняга прэзыдэнцкага дэкрэту, і што мы спадзяемся, што гэты дэкрэт будзе скасаваны, што яго ня будуць выконваць. Таму што гэта будзе мець выразны ўплыў на эканамічную дапамогу Беларусі з боку ЭЗ. Скарочаная будзе колькасьць праграмаў, якія падтрымліваюць няўрадавыя арганізацыі, а таксама іншыя элемэнты беларускага грамадзтва. Гэта пашкодзіць самой Беларусі, калі гэтыя праграмы будуць скасаваныя. Але я мушу падкрэсьліць, што нашая Дэклярацыя, нашая заява была накіраваная на тое, каб у Менску на яе зарэагавалі канструктыўна”.

(Іваноў: ) “Ці ў ЭЗ не мяркуюць, што падобныя паводзіны Аляксандра Лукашэнкі – гэта частка ягонай палітыкі канфрантацыі з усім цывілізаваным сьветам? Ці гэты апошні дэкрэт, які забараняе дапамогу Захаду беларускай апазыцыі, не правакацыя зь ягонага боку?”

(Відэмайер: ) “Я не хацеў бы камэнтаваць, чым кіраваўся Аляксандр Лукашэнка ці нехта іншы з беларускага боку. Мы спадзяемся, што прэзыдэнт Лукашэнка і беларускія ўлады зразумеюць, што гэта ў іх інтарэсах – цесна супрацоўнічаць з рэштай Эўропы і, асабліва, з ЭЗ. А таксама з АБСЭ. ЭЗ цесна каардынуе сваю палітыку ў дачыненьні да Беларусі з АБСЭ. АБСЭ мае сваё прадстаўніцтва ў Менску. І гэта вельмі важна, асабліва ў сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі пазьней у сёлета”.

(Іваноў: ) “Вы кажаце, што гэтая заява – папярэджаньне Аляксандру Лукашэнку. А што, калі ён і ягоны рэжым ніяк не прарэагуе на гэта? Якія наступныя дзеяньні магчымыя з боку ЭЗ?”

(Відэмайер: ) “Мы падкрэсьлілі ў нашай Дэклярацыі, што гэты дэкрэт Лукашэнкі можа быць наступным крокам у самаізаляцыі Беларусі. Ясна, што мы не зацікаўленыя ў ізаляцыі Беларусі. Мы хочам мець цесныя адносіны з Беларусьсю. Мы хацелі б, каб Беларусь стала часткаю вялікай Эўропы. Аднак сёньня трэба адзначыць, што дамінуе выразная тэндэнцыя з боку Беларусі самаізалявацца, нават у адносінах з суседзямі”.
XS
SM
MD
LG