Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІНЦУК ВЯЧОРКА ЗАПАТРАБАВАЎ НА СУДЗЕ ПЕРАКЛАДЧЫКА


Любоў Лунёва, Менск

Вінцук Вячорка запатрабаваў, каб судовае паседжаньне адбывалася на беларускай мове. Судзьдзя сп. Вайцяховіч адмовіла яму, спаслаўшыся на Закон аб мовах. Тады Вячорка заявіў хадайніцтва, каб запрасілі перакладчыка. Ён так патлумачыў сваё рашэньне Радыё Свабода:

(Вячорка: ) "Я не камэнтую так званага дзяржаўнага двумоўя. Для мяне цалкам дастаткова, што беларуская мова ёсьць дзяржаўнай, і суд абавязаны ёю валодаць. З другога боку, для мяне ёсьць абсалютна прынцыповым, што за ўдзел у Дні Волі я павінен прынамсі мець прывілею слухаць працэс па-беларуску".

Судзьдзя гадзіну правяла ў дарадчым пакоі перш чым прыняць рашэньне. Нарэшце сп. Вайцяховіч абвесьціла, што суд задаволіў хадайніцтва лідэра БНФ. Гаворыць Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) "Гэта пацьвярджае, што ўся сытуацыя зьяўляецца палітычна матываванай. Любыя, нават элемэнтарныя з майго боку працэдурныя хады й дамаганьне самых элемэнтарных правоў вымагаюць кансультаваньня з кімсьці высокапастаўленым.

Судзьдзя не прымае канчатковых рашэньняў, яна відавочна мела нейкі сцэнар, а любое парушэньне сцэнара з майго боку выклікае поўную дэструкцыю папярэдне прапісаных схемаў".

Суд над Вінцуком Вячоркам працягнецца заўтра а 10-й гадзіне раніцы.

Падчас разгляду справы Вінцука Вячоркі ў суседняй залі судзілі Зьмітра Кузьміцкага. Яму слова:

(Кузьміцкі: ) "Я пайшоў на мітынг, бо гэта мая грамадзянская пазыцыя. Я лічу, што кожны чалавек можа выказваць сваю думку, паказваць уладам, што ён супраць як унутранай, дык і замежнай палітыкі ўладаў".

Суд даў папярэджаньне Зьмітру Кузьміцкаму.

Яшчэ адзін затрыманы ўдзельнік апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка — пэнсіянэр Міхась Валочка — паводле судовага прысуду павінен заплаціць 114 000 рублёў штрафу.
XS
SM
MD
LG