Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАФСАЮЗЫ ЛІЧАЦЬ, ШТО ДЭКРЭТ №8 СУПЯРЭЧЫЦЬ НОРМАМ МІЖНАРОДНАЙ АРГАНІЗАЦЫІ ПРАЦЫ


Міхал Стэльмак, Менск

Паводле словаў Франца Вітка, дэкрэт пра замежную гуманітарную дапамогу абмяжоўвае права беларускіх прафсаюзаў на супрацоўніцтва з прафсаюзамі іншых краінаў і Міжнароднай арганізацыяй працы.

(Вітко: ) "Мэта дэкрэту — паставіць пад татальны кантроль усе нашы стасункі з замежнымі прафсаюзнымі цэнтрамі, а таксама іншыя міжнародныя сувязі Фэдэрацыі", — зазначыў Франц Вітко.

Тры гады таму Міжнародная арганізацыя працы прыняла Дэклярацыю, якая стымулюе тэхнічную й кансультацыйную дапамогу краінам-сябрам гэтай арганізацыі. У адпаведнасьці зь ёй, Міжнародная арганізацыі працы рэгулярна наладжвае для беларускіх прафсаюзаў навучальныя сэмінары. Гаворыць Франц Вітко:

(Вітко: ) "Вось зараз у спорткомплексе "Раўбічы" праходзіць сэмінар пад эгідай Міжнароднай арганізацыі працы. Мы разглядаем там праблемы стварэньня Цэнтру маніторынгу ўзроўню жыцьця насельніцтва.

Мяркуецца, што гэты цэнтар будзе альтэрнатывай дзяржаўнаму цэнтру. Для нас гэта вельмі надзённае пытаньне, бо прафсаюзы дагэтуль выкарыстоўваюць толькі зьвесткі дзяржаўных структураў".

(Карэспандэнт: ) "Ці ўсе прафсаюзы, што ўваходзяць у ФПБ, нэгатыўна ставяцца да дэкрэту?"

(Вітко: ) "Нашы прафсаюзы разьлічваюць, што будуць пашырацца кантакты зь міжнароднымі прафсаюзнымі цэнтрамі. Асабліва каб мець магчымасьць атрымаць падтрымку з прычыны парушэньня нашых правоў.

Наагул, варта зазначыць, што пад парушэньні, якія рэглямэнтуе гэты дэкрэт, можна падвесьці нават замежную паездку прадстаўніка Фэдэрацыі. Напрыклад, для абмену прафсаюзным досьведам. Калі гэтаму супрацоўніку дадуць грошы на кішэнныя выдаткі й пра гэта паінфармуюць адпаведныя органы, то няма ніякай гарантыі, што перасьледу ня будзе".

(Карэспандэнт: ) "У Беларусі, як вынікае з выступу старшыні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Леаніда Ерына, набірае разгон шпіёнаманія. Ці ёсьць выпадкі абвінавачаньняў прадстаўнікоў Фэдэрацыі ў супрацоўніцтве з замежнымі выведкамі?"

(Вітко: ) "Пакуль што не. Але дэкрэт дае магчымасьць у кожным бачыць агента нацыянальнай бясьпекі чужой краіны", — паведаміў Франц Вітко.
XS
SM
MD
LG