Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У РАСЕІ ПРЫЗНАЧАНЫЯ НОВЫЯ МІНІСТРЫ АБАРОНЫ І ЎНУТРАНЫХ СПРАВАЎ


Віктар Дзятліковіч, Масква

Афіцыйныя асобы называюць прызначэньні плянавымі і ніяк ня зьвязваюць іх з абвастрэньнем сытуацыі ў Чачэніі ды нядаўнімі тэрарыстычнымі актамі ў памежных з Чачэніяй рэгіёнах.

Ланцуг сёньняшніх кадравых зьменаў пацягнула за сабой адстаўка міністра абароны Расеі Ігара Сяргеева. На ягонае месца Ўладзімер Пуцін прызначыў сакратара Рады бясьпекі Сяргея Іванова. Пасаду Іванова заняў міністар унутраных справаў Уладзімер Рушайла, а на месца Рушайлы, у сваю чаргу, прызначаны кіраўнік фракцыі «Адзінства» Дзярждумы Расеі Барыс Грызлоў.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін сам тлумачыў лёгіку сваіх рашэньняў. Ён нічога не сказаў пра абвастрэньнем сытуацыі на Каўказе, дзе чачэнскія сэпаратысты актывізавалі баявыя дзеяньні. Наадварот, паводле Пуціна, усе кадравыя зьмены былі даўно заплянаваныя і зьвязаныя якраз з тым, што Расея скончыла актыўную вайсковую апэрацыю ў Чачэніі. Цяпер, паводле Пуціна, час праводзіць радыкальную вайсковую рэформу. Распрацоўкай гэтай рэформы апошнія паўтары гады кіраваў менавіта новы міністар абароны Сяргей Іваноў. Пуцін лічыць, што лягічна, калі ён жа будзе і ажыцьцяўляць яе.

Назіральнікі адзначаюць, што да апошняга часу правесьці рэформы ў вайсковай сыстэме Расеі перашкаджала супрацьстаяньне двух кланаў у міністэрстве абароны. Адзін прадстаўляў былы міністар абароны Ігар Сяргееў, другі – начальнік Генштабу Анатоль Квашнін. І кожны адстойваё свае інтарэсы. Прызначэньне цывільнага чалавека, вельмі блізкага да Пуціна, сьведчыць, што расейскі прэзыдэнт мае сур’ёзныя намеры ў жаданьні рэфармаваць армію.

У гэтым жа рэчышчы варта разглядаць і прызначэньне намесьнікам міністра абароны Любові Кудзелінай. Да гэтага часу яна займала пасаду намесьніка міністра фінансаў, дзе кантралявала фінансаваньне абарончага комплексу і праваахоўных структураў. Відавочна, што гэтым прызначэньнем Крэмль жадае ўзяць пад больш жорсткі кантроль грошы, якія ўрад выдаткоўвае на армію.

Цывільны ж чалавек ачоліў і міністэрства ўнутраных справаў – кіраўнік прапрэзыдэнцкай фракцыі ў Думе Барыс Грызлоў. Сам Пуцін сказаў, што гэта (цытую) «крок у бок дэмілітарызацыі грамадзкага жыцьця краіны».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG