Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАГІЛЁВЕ РАБОЧЫЯ ВЫЛУЧЫЛІ НА ЎСЕБЕЛАРУСКІ СХОД НЕЗАЛЕЖНЫХ ДЭЛЕГАТАЎ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Адміністрацыя адкрытага акцыянэрнага таварыства Будаўнічы трэст №12 так і не змагла перашкодзіць правядзеньню схода. Больш як 100 рабочых на сваю ініцыятыву правялі сход прадстаўнікоў працоўнага калектыву і накіравалі зварот на імя намесьніка старшыні аблвыканкаму Анатоля Глаза. Паводле ўказу А.Лукашэнкі, стаць дэлегатам на гэты сход можа той, хто вылучаны працоўным калектывам або сабраў подпісы на месцы жыхарства. Як сьведчыць вопыт правядзеньня папярэдняга сходу, звычайна на яго пачыналі вылучаць дэлегатаў пасьля паступленьня каманды згары.

Рабочыя будаўнічага трэсу №12 сталі першымі, хто првёў сход на ўласную ініцыятыву. На сходзе яны заявілі, што яны не выключаюць паўтарэньня 18 траўня сытуацыі з рэфэрэндумам 1996 году, пасьля фальсыфікацыі вынікаў якога Лукшаэнка працягнуў свае паўнамоцтвы.
Як адзначыў адзін з прамоўцаў, дэлегаты так званага ўсебеларускага народнага сходу могуць спаслацца на неабходнасьць эканоміі сродкаў і прапанаваць Лукашэнку кіраваць краінай і надалей без прэзыдэнцкіх выбараў. Менавіта каб запабегчы такі ход разьвіцьця падзеяў, удзельнікі сходу вырашылі вылучыць прынцыповых, незалежных людзей. Яны не пабаяліся вылучыць дэлегатам і муляра Аляксея Паўлоўскага, які ікруе Свабодным прафсаюзам трэсту і зьяўляецца сябрам партыі БНФ.

У заяве на імя Анатоля Глаза патэнцыйны дэлегат выказаў меркаваньне, што праграму сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, якую выносяць 18 траўня на абмеркаваньне ў Менску, лепш за ўсё абмеркаваць пасьля выбараў новага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

У абласным аргкамітэце так званага ўсебеларускага народнага сходу паведамілі, што гэтая заява разам зь іншымі будзе разгледжаная бліжэй да часу правядзеньня. Рабочыя лічаць, што адмоўны адказ будзе сьведчыць пра фармаваньне дэлегацыі па разнарадцы зьверху.

XS
SM
MD
LG