Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГОМЕЛЬСКІ ПРАВААБАРОНЦА МУРАШКА ДАСТАЎ ПАЛІТЫЧНЫ ПРЫТУЛАК У НЯМЕЧЧЫНЕ


Казімер Яноўскі, Гомель

За акцыі пратэсту Яўген Мурашка атрымліваў буйныя штрафы, сядзеў у вязьніцы. На яго заводзілі нават крымінальную справу. У чэрвені 1999 году Цэнтральны суд за арганізацыю сустрэчы з тады яшчэ ня зьніклым старшынём Цэнтравыбаркаму Віктарам Ганчаром даў Мурашку 1 год зьняволеньня — з адтэрміноўкай на 1 год.

Летась на чарнобыльскую “гадзіну смутку” Яўген Мурашка прыйшоў у чорнай накідцы і з плякатам на шыі: “Божа, навошта нам і Чарнобыль, і Лукашэнка?” Міліцыя склала пратакол і пачала чарговую крымінальную справу за неаднаразовае правядзеньне недазволеных пікетаў.

Такія ж матывы былі ў аснове перасьледу й Мурашкавай жонкі — Галіны Арцёменкі.

Наагул былы рабочы “Гомсельмашу” спадар Мурашка набыў вядомасьць у грамадзкім асяродку яшчэ напрыканцы 1980-х гадоў, калі ўвайшоў у склад гарадзкога страйкаму і быў адным з ініцыятараў Чарнобыльскага шляху ў Маскву да тагачаснага прэм'ера савецкага ўраду Мікалая Рыжкова.

Ужо падчас прэзыдэнцтва Лукашэнкі рабочы Мурашка падпаў пад скарачэньне ды застаўся бяз працы. Ён нейкі час узначальваў рэгіянальную філію Беларускага Гельсынскага камітэту, стварыў дзьве суполкі — “Абарона правоў чалавека” і “Саюз беспрацоўных”, якія цяпер ліквідаваў суд з ініцыятывы Ўправы юстыцыі.

Так што атрыманьне спадаром Мурашкам палітычнага прытулку ў Нямеччыне заканамернае. Зараз ён знаходзіцца ў Баварыі, у невялікім горадку Эгальцбах, куды думае перавезьці ўсю сям'ю.

Пра свае пляны Яўген Мурашка паведаміў у гутарцы па тэлефоне наступнае:

(Мурашка: ) "Паспрабую стварыць тут беларускую дыяспару і быць карысным тым, хто зьведаў перасьлед у Беларусі".

Дарэчы, Нямеччына ўжо дала палітычны прытулак тром ураджэнцам нашага рэгіёну — жонцы зьніклага экс-міністра ўнутраных справаў генэрала Захаранкі Вользе Захаранцы ды іхным дачкам Алене ды Юлі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG