Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЯ ЭМІГРАЦЫЯ Ў НОВАЙ ЗЭЛЯНДЫІ


Аўтары: Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш.

“Каб паехаці ад нас на ўсход сонца, забіраючы так на полудзень, паехаці ў Азію, пераехаці ўвесь Кітай, то там будзе вялікае мора – Ціхі Акеан; сярод яго, на палудзень ад Кітаю, ёсьць вялікая зямля – Аўстралія, а каля яе багата малых і вялікіх выспаў (астравоў). Між тымі астравамі ёсьць два вялікія і колькі малых, што ляжаць яшчэ далей на палудзень, і завуцца ўсе гэтыя астравы – Новая Зэляндыя” – пісала ў восьмым нумары за 1907 год газэта “Наша ніва” ў артыкуле “Зямельная справа ў Новай Зэляндыі”.

Гісторыя не захавала зьвестак пра тое, ці нехта зь беларусаў, натхнёны гэтай публікацыяй кінуўся, як пазьней пісаў Андрэй Мрый, “шукаць даўно знойдзеных Амэрык”.

Таму першыя, дакладна вядомыя зьвесткі пра спробы беларусаў дасягнуць памянёных выспаў адносяцца да паваеннага часу. Успамінае жыхарка Нью-Ёрку, жонка вядомага дзеяча беларускай эміграцыі Аўгена Калубовіча-Каханоўскага, сп. Яніна Каханоўская:

(Каханоўская: ) “Так, аб Новай Зэляндыі часта гаварылася ў лягерах перамешчаных асобаў у Нямеччыне, дзе жылі ўцекачы зь Беларусі ў першыя паваенныя гады. Тады нашы людзі вымушаны былі выбіраць куды падацца далей, нехта хацеў у Амэрыку, нехта – у Аўстралію. Мы разважалі, дзе будзе лепш жыць эмігрантам. Некаторыя краіны не хацелі браць нас. Напрыклад, Аўстралія напачатку ня брала. Там гаварылі: ці белы рус, ці чырвоны, усё роўна рус. Яны лічылі, што беларусы – гэта белагвардзейцы. Потым ужо было растлумачана, выясьнена і пачалі браць.

Аўген Каханоўскі вельмі хацеў эміграваць у Новую Зэляндыю. Ён цікавіўся гэтай краінаю, шмат пра яе чытаў. Лічыў, што там найлепш жывецца эмігрантам таму, што там сацыялізм і ўсе людзі роўныя. Так ён лічыў.

Але, мы не паехалі ў Новую Зэляндыю. Гэта ж не так лёгка ўсё было, што куды захацеў, туды і падаўся. Лічылася, што Новая Зэляндыя не бярэ нашых эмігрантаў, і мы падалі дакумэнты ў Амэрыку”.

А цяпер пра сучасную беларускую эміграцыю ў Новай Зэляндыі.
Калі два гады таму менчуку Генадзю Судлянкову давялося выбіраць паміж дзьвюма прапановамі аб працы ў ЗША і Новай Зэляндыі, ён выбраў апошнюю. Мы зьвязаліся зь ім па тэлефоне.

(Судлянкоў: ) “Я скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, факультэт прыкладной матэматыкі, быў праграмістам. Мяне запрасіла на працу Новазэляндскае аддзяленьне IBM, мы займаліся распрацоўкаю праграмнага забесьпячэньня для тэлекамунікацыйных кампаніяў. Калі гэтая праца скончылася, я атрымаў запрашэньне ад другой кампаніі і застаўся працаваць у Новай Зэляндыі далей. Праз некаторы час я вырашыў падаць дакументы на сталае жыхарства таму, што мне вельмі спадабалася краіна”.

(Карэспандэнт: ) “Генадзь, распавядзіце, калі ласка, пра ўмовы эміграцыі ў Новую Зэляндыю”.

(Судлянкоў: ) “Эміграцыйная палітыка Новай Зэляндыі мае свае асаблівасьці. Катэгорыі эмігрантаў, якія могуць прыяжджаць сюды, вызначаюцца ўрадам. Большасьць прыяжджае па так званай “агульнай катэгорыі”, паводле якой чалавек павінен набраць пэўную колькасьць балаў, што выстаўляюцца яму з улікам ягонага ўзросту, адукацыі, вопыту працы, фінансавага стану і г.д. Справы разглядаюцца па рознаму. Мая справа разглядалася на працягу году. Раней быў усталяваны тэрмін – 1 год, цяпер ён павялічаны да 18 месяцаў. На жаль, эміграцыйная палітыка Новай Зэляндыі ў апошнія гады стала незбалянсаванай. У выніку, перад яе грамадзянамі зачыніла дзьверы спачатку Вялікая Брытанія, куды яны маглі езьдзіць бяз візаў, а цяпер і Аўстралія. Эмігранты, якія ня здолелі ўладкавацца ў Новай Зэляндыі, маглі раней выяжджаць у Аўстралію, дзе лягчэй знайсьці працу Перад разглядам справы неабходна здаць экзамен на валоданьне ангельскай моваю, набраць не менш, як 5,5 балаў, гэта ня вельмі высокі ўзровень”.

(Карэспандэнт: ) “Наколькі шырокі рынак працы ў гэтай краіне?”

(Судлянкоў: ) “Новая Зэляндыя – краіна невялікая, буйных гарадоў тут усяго 5-6. Таму рынак працы – вузкі. Найбольшым попытам карыстаюцца праграмісты. За апошні год колькасьць рабочых месцаў у краіне скарацілася недзе на 15 адсоткаў. З гэтай прычыны многія мясцовыя спэцыялісты выяжджаюць на працу ў іншыя краіны. Нашыя лекары зь вялікімі цяжкасьцямі знаходзяць тут працу па спэцыяльнасьці, пакуль я сустрэў толькі аднаго нашага чалавека, які працуе як доктар. Біятэхнолягі, хімікі – я ведаю некалькі чалавек, якія працуюць па спэцыяльнасьці, але гэта выключныя выпадкі.
У Новай Зэляндыі зь вялікай увагаю ставяцца да экалягічнай сытуацыі ў краіне. Тут слаба разьвіта прамысловасьць, зьвязаная з забруджваньнем навакольнага асяродзьдзя, таму не знаходзяць попыту спэцыяльнасьці ў галіне цяжкай хіміі, ліцейнай вытворчасьці і інш...”

(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)

XS
SM
MD
LG