Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАГО ЧАКАЦЬ АД СПЭЦСЛУЖБАЎ ПАДЧАС ПРЭЗЫДЭНЦКІХ ВЫБАРАЎ


Віталь Цыганкоў, Менск

(Цыганкоў: ) "Затрыманьні падчас Дня Волі 25 сакавіка зноў зьвярнулі ўвагу на сілавыя структуры. Сёньня мы абмяркуем, як могуць паводзіць сябе сілавыя структуры падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Якія межы ляяльнасьці беларускіх сілавікоў цяперашняй уладзе?

Згадаю нядаўні эпізод зь мітынгу 25 сакавіка. Ушчыльную да выступоўцаў — да Вячоркі, Сіўчыка ды Івашкевіча — стаялі некалькі маўклівых маладых хлопцаў, апранутых у скураныя курткі. Адна ўдзельніца мітынгу спыталася ў іх: “Што вы тут стаіцё? Вы зь якой раённай Рады Фронту?” Яны ня мелі чаго адказаць, відавочна сумеліся ды прамовілі: “Мы проста ўчастнікі мітінга”.

Пэўна гэта былі людзі ў цывільным, “ціхары”, як іх называюць дэманстранты.

Я гэты эпізод згадаў, каб паказаць, што зараз актыўнасьць спэцслужбаў і сілавых структураў павялічыцца. На мітынгу “людзі ў цывільным” ня проста былі сярод дэманстрантаў, як заўсёды, але стаялі каля лідэраў апазыцыі, каб чуць іхныя размовы.

Давайце абмяркуем, як будзе расьці актыўнасьць спэцслужбаў. Ці ўбачым мы гэта, ці сілавыя органы будуць дзейнічаць адносна законна? Альбо варта чакаць правакацыяў?"

(Грузьдзіловіч: ) "Удзел спэцслужбаў будзе больш шырокі, яны будуць выкарыстоўвацца ўсё больш актыўна. Але самі яны будуць хавацца, іх ня будзе бачна.

Спэцслужбы, як мне падаецца, будуць выкарыстоўвацца ў розных незаконных дзеяньнях — гэта найперш правакацыі супраць апазыцыйных кандыдатаў і правакацыі супраць падтрымкі супольнага кандыдата".

(Цыганкоў: ) "Як удзел спэцслужбаў адчуем на палітычным узроўні? Я маю на ўвазе актыўнасьць аналітычную — у распрацоўцы палітычных сцэнароў і супрацьдзеяньні палітычным сцэнарам апазыцыі".

(Глод: ) "Актыўнасьць спэцслужбаў будзе расьці ў двух кірунках. Першае, пра што казаў Алег Грузьдзіловіч, — растварэньне агентаў спэцслужбаў сярод удзельнікаў апазыцыйных мерапрыемстваў, і другое, пра што казаў Віталь Цыганкоў, — гэта аналітычная праца.

Пры гэтым мне здаецца, што якраз апошні напрамак выйдзе на першае месца. Бо правакацыі зрабіць проста, але часам эфэкт ад іх можа быць меншы, чым ад тонкай аналітычнай работы, якую праводзяць зараз спэцслужбы пад кіраўніцтвам такога вопытнага чалавека як Урал Латыпаў".

(Цыганкоў: ) "А ці ёсьць у беларускіх спэслужбаў сур’ёзныя аналітыкі, здольныя прагназаваць разьвіцьцё палітычных падзеяў і ўплываць на яго?

Сярод журналістаў ходзяць анэкдоты пра КГБ, дзе доўга не было Інтэрнэту, дзе супрацоўнікі толькі нядаўна навучыліся карыстацца кампутарам, пэйджэрам і гэтак далей. Як можна безь легендаў і мітаў ацаніць гэты бок дзейнасьці спэцслужбаў?"

(Глод: ) "Мне здаецца, што спэцслужбы працуюць у Беларусі вельмі моцна.

Згадваю адну маю размову зь Міхаілам Чыгіром. Ён сказаў (гэта было гады два таму) пра вельмі новыя для мяне рэчы. Ён сказаў: сапраўды, Лукашэнка мае нейкую прыродную хватку, інтуіцыю, уменьне “схапіць момант”, сказаць тое, што патрэбна людзям, але — і гэта я пачуў упершыню — Чыгір сказаў, што на Лукашэнку працуе вялікая група аналітыкаў высокай кваліфікацыі і гэтыя людзі нідзе ня сьвецяцца".

(Цыганкоў: ) "Алег, як вы ацэніце аналітычныя здольнасьці беларускіх спэцслужбаў?"

(Грузьдзіловіч: ) "Аналітычныя здольнасьці беларускіх спэцслужбаў мне падаюцца сярэднімі. Беларусь ня мела магчымасьцяў і досьведу, каб дасканаліць аналітычныя здольнасьці. Бо не было такога доўгага пэрыяду незалежнага змаганьня.

А што да іхнай здольнасьці арганізоўваць эфэктыўныя гульні на шмат хадоў наперад, дык тут усё ў парадку. Бо беларуская сыстэма спэцслужбаў цалкам капіюе напрацоўкі Савецкага Саюзу. А там былі спэцыялісты ў гэтай сфэры вельмі добрыя.

Ня трэба ўсё зводзіць да Інтэрнэту ці іншых сучасных сродкаў. Беларускія спэцслужбы вельмі прафэсійна працуюць старымі мэтадамі — доўгатэрміновыя правакацыі, укараненьне сваіх людзей у пэўныя структуры.

Я думаю, спэцслужбы рыхтуюцца да гэтых прэзыдэнцкіх выбараў ужо вельмі даўно, некалькі гадоў — укаранілі сваіх людзей ва ўсе патрэбныя арганізацыі, і гэтыя людзі пачнуць зараз працаваць. Тут не патрэбная менавіта цяпер нейкая аналітычная праца — яна вядзецца даўно, і, як яны спадзяюцца, дасьць патрэбны вынік".

(Цыганкоў: ) "Мы лягічна падышлі да другога аспэкту нашай размовы — пагаворым пра ляяльнасьць спэцслужбаў кіраўніцтву дзяржавы й пэрсанальна Аляксандру Лукашэнку як будучаму кандыдату на прэзыдэнта.

Згадайма 1994 год, калі ўсе былі ўпэўненыя, што спэцслужбы будуць дзейнічаць на баку Кебіча, але потым высьветлілася, што частка зь іх гуляла на баку Лукашэнкі, некаторыя падтрымлівалі Шушкевіча й перадавалі інфармацыю ня толькі кандыдату ад улады.

Цягам апошніх месяцаў Аляксандар Лукашэнка правёў своеасаблівую “чыстку” сілавых ведамстваў, паставіўшы кіраўнікамі новых людзей. У суботу ў тэлеперадачы “Панарама” кіраўнік КГБ Ерын даволі жорстка выказаўся пра магчымыя апэрацыі супраць замежных выведак, пра тое, што “пад сьцягам гуманітарнай дапамогі адбываецца гуманітарная інтэрвэнцыя”.

Па-мойму, інтэрвію кіраўніка КГБ мусіла паказаць, што КГБ пад кіраўніцтвам Ерына цалкам падтрымлівае Лукашэнку. Бо звычайна чыноўнік можа выбраць мяккія фармулёўкі, адгаварыцца, паказаць, што ён імкнецца выконваць толькі закон і г.д. Але інтэрвію Ерына было відавочна пралукашэнкаўскае і мела на мэце гэта паказаць.

Як мы можам ацаніць ляяльнасьць сілавых структураў Аляксандру Лукашэнку? Ня толькі ляяльнасьць цяперашнюю, але й тое, як спэцслужбы павядуць сябе ў вырашальны момант прэзыдэнцкай кампаніі, калі будзе падлік галасоў".

(Грузьдзіловіч: ) "Мне падаецца, што ў КГБ ляяльныя — ня менш як 80%. Сярод кіраўнікоў — амаль 100% ляяльныя да рэжыму.

Шараговыя міліцыянты звычайна альбо нэўтральныя, альбо часам нават сымпатызуюць апазыцыі — там, я думаю, пяцьдзесят на пяцьдзясят.

Амонаўцы (мы гэта бачым на прыкладзе вулічных акцыяў) — дык там людзі проста замбаваныя, гэта на 100% ляяльныя рэжыму людзі.

Што да кіраўнікоў сярэдняга ўзроўню, афіцэраў, ад якіх нешта залежыць — там ляяльнасьць меншая. Але безумоўна, рэжым гэта разумее, і ад гэтых людзей будзе мала што залежыць.

Усё будзе залежаць ад кіраўніка наверсе й непасрэдных выканаўцаў загадаў — шараговых міліцыянтаў, амонаўцаў, супрацоўнікаў пракуратуры, рукамі якіх будуць рабіць правакацыі кшталту супраць сына Чыгіра і супраць сына Віньнікавай (я мяркую, гэта таксама была правакацыя).

І многае будзе залежаць ад аналітыкаў, пра якіх мы ўжо казалі".

(Глод: ) "Я хацеў бы падзяліць спэцслужбы на кіраўніцтва, шараговы й сярэдні склад. Сапраўды, кіраўніцтва ня будзе выступаць за нейкія зьмены. Зразумела, чаму. Усе яны ў той ці іншай ступені запэцканыя ў розных антыканстытуцыйных дзеяньнях.

Што да сярэдняга зьвяна, то калі яшчэ на працягу 1997-1999 гадоў заробак у сілавых структурах вельмі розьніўся ад сярэдняга, гэтыя людзі мелі значна лепшыя ўмовы, зараз гэтага практычна няма. І гэта выклікае пэўную незадаволенасьць сярэдняга і ніжэйшага слаёў.

Так, яны людзі падначаленыя, яны будуць выконваць загад, але я ня выключаю, што нечаканыя павароты могуць быць".

(Цыганкоў: ) "Усё ж мы да апошняга моманту ня здолеем прадбачыць паводзінаў сілавых структураў у самы вырашальны, ключавы момант прэзыдэнцкіх выбараў.

Уявім сытуацыю, калі вынікі выбараў будуць прыблізна 50 на 50, альбо 60 на 40. Незалежныя назіральнікі, апазыцыя аб’явяць пра сваю перамогу. Дэманстранты будуць патрабаваць прызнаньня сапраўдных вынікаў выбараў, як гэта было ў Югаславіі. І, прыпусьцім, Лукашэнка аддасьць загад сілавікам умяшацца і спыніць масавыя пратэсты. Ці будуць сілавыя структуры выконваць гэткі загад?"

(Грузьдзіловіч: ) "Я думаю, будуць. Усё зроблена, каб яны выконвалі. Усё падрыхтавана для гэтага, і яны гатовыя.

Адзінае, што можа спыніць выкраданьне перамогі — шырокі фронт пратэстаў. Павінна выказацца насельніцтва, выйсьці на вуліцу й паказаць сваё стаўленьне. Павінна выказацца міжнародная супольнасьць і Расея. Толькі так можна спыніць выкраданьне перамогі, якое тэхналягічна ўжо падрыхтаванае".

(Глод: ) "Адна карціна, калі Цэнтарвыбаркам абвяшчае вынікі выбрараў, і там стаіць 5 000–7 000 людзей. І зусім іншая, калі туды прыйдзе 100 000–150 000. Тут ужо любая спэцслужба задумаецца, што рабіць".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG