Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА ЎДЗЕЛ У НЕДАЗВОЛЕНАЙ АКЦЫІ ДАЛІ ШТРАФЫ 18-ГАДОВАМУ СТУДЭНТУ І МАЛАДОЙ ВЯСКОВАЙ ДОКТАРЦЫ


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня першай разгледзелі справу студэнта мэдычнай вучэльні Максіма Куксы. Судзьдзя Вайцяховіч заслухала амонаўцаў, якія былі адзінымі сьведкамі ў справе й толькі праз тры гадзіны вынесла прысуд.

Максім Кукса за ўдзел у несанкцыянаваным уладамі мітынгу павінен заплаціць 114 000 рублёў дзяржаве.

(Кукса: ) "Мяне затрымалі каля стэлы. Тыя амонаўцы, што мяне вялі, кінулі каля аўтобусу. А там мяне ўзялі канваіры ды кінулі ў аўтобус, дзе былі апошнія месцы. Яны прымусілі мяне легчы на падлогу, але я ня лёг, а апусьціўся на калені. Канваіры загадалі, каб я не падымаў галавы. І вось так я ехаў да РАУСу.

Спачатку нас прывезьлі ў Фрунзенскі РАУС. Там я сустрэўся зь Людмілай Гразновай ды з астатнімі затрыманымі. Адтуль нас на аўтобусе завезьлі ў Цэнтральны РАУС. Там я прасіў, каб мне далі патэлефанаваць дахаты бацькам. Урэшце мне дазволілі, але толькі а 9-й вечара".

Эліна Новік таксама павінна заплаціць дзяржаве гэткую ж суму. 25 сакавіка яна прыехала ў Менск са Слуцкага раёну, дзе працуе лекаркай-стаматолягам, каб прыняць удзел у апазыцыйнай акцыі.

На судзе Эліна казала, што яна сьвядома ўдзельнічала ў гэтай акцыі і яе не цікавіць стаўленьне ўладаў да гэтага сьвята. Эліна Новік лічыць, што амонаўцы зацягнулі яе ў аўтобус толькі за тое, што яна не аддавала ім бел-чырвона-белы сьцяжок.

(Новік: ) "Я лічу гэты прысуд несправядлівым. Якая жанчына вытрымае, калі яе цягнуць некалькі амонаўцаў у аўтобус і пры гэтым зьневажаюць. Я з інтэлігентнай сям'і, і я за ўсё жыцьцё ніколі ня чула такой лаянкі. Мяне гэта вельмі ўразіла. Я ўсё роўна буду ўдзельнічаць у апазыцыйных акцыях, бо гэта мая пазыцыя — як чалавека, як грамадзянкі", — паведаміла Эліна Новік Свабодзе адразу пасьля вынясеньня прысуду.

Заўтра працягнуцца суды над затрыманымі ўдзельнікамі апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка. Судзіць будуць Ніну Ярмалінскую, Міхася Валочку й Вінцука Вячорку. 15-гадовая ўнучка Валер'я Шчукіна Алена Пігуль павінна зьявіцца ня ў суд, а ў выканкам, у камісію ў справах непаўнагадовых.
XS
SM
MD
LG