Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПІНСКАГА СТУДЭНТА-ЭКАНАМІСТА ВЫМУСІЛІ ПЕРАПІСАЦЬ ДЫПЛЁМ


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Студэнт завочнага аддзяленьня факультэту эканомікі ды кіраваньня вытворчасьцю пінскай філіі Беларускага эканамічнага ўнівэрсытэту Ўладзімер Зянько ў заключнай частцы сваёй дыплёмнай працы "Арганізацыя прадпрыемстваў малога бізнэсу" падаў прапановы — што зрабіць, каб вывесьці краіну з глыбокага эканамічнага крызысу.

Аднак старшыню дзяржаўнай экзамэнацыйнай камісіі Вольгу Малышаву засмуціла ня сутнасьць прапановаў, а фармулёўка — "эканамічны крызыс".

Спадарыня Малышава працуе галоўным эканамістам на Пінскім малочным камбінаце. Яна заявіла, што ніякага крызысу ў Беларусі няма, бо сукупны ўнутраны прадукт увесь час падвышаецца. Менавіта з-за словаў заключнай часткі дыплёму яна ня можа паставіць працы нават адзнаку "здавальняюча".

(Зянько: ) "Абурэньне выкліканае маімі згадкамі пра эканамічную ды сацыяльную дэградацыю ў нашай дзяржаве. Зь ейных словаў, дэградацыі ў нас няма", — сказаў спадар Зянько.

У яго таксама запатрабавалі выкінуць з дыплёмнай працы словы пра тое, што беларускую эканоміку трэба тэрмінова рэфармаваць, бо краіну чакае нэндза ды масавыя пратэсты насельніцтва, якія ўжо распачынаюцца.

Экзамэнатарам не спадабаўся й выбар краінаў, якія сьведчылі пра ўдалую хаду рэформаў — Чэхія, Вугоршчына, Літва, Латвія, Эстонія. У спадара Зянька пыталіся пра стаўленьне да беларуска-расейскага саюзу. Адзін зь сяброў эказамэнацыйнай камісіі сказаў: "Пісаць гэткае ў дыплёмнай рабоце нельга. Ды й казаць такое можна хіба жонцы".

Уладзімер Зянько замест адзнакі за дыплём атрымаў так званае "асабістае меркаваньне камісіі" ды быў вымушаны перарабіць працу, прыбраўшы эканамічны крызыс, сацыяльную дэградацыю ды Вугоршчыну зь Літвой. Пасьля гэтага ягоную працу ацанілі на "добра", бо пасьля "асабістага меркаваньня" нельга паставіць "выдатна".

Тым, хто думае пісаць дыплёмныя праекты, Уладзімер Зянько раіць:

(Зянько: ) "Хваліце цяперашні парадак. Кажыце пра рост сукупнага ўнутранага прадукту і сукупнага нацыянальнага прадукту. Помніце, што дзяржава рупіцца пра насельніцтва ды пра дабрабыт беларускага народу. Хваліце саюз Расеі ды Беларусі, кажыце пра ягоную неабходнасьць — гэта вам дапаможа атрымаць добрую адзнаку".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG