Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭЛЕГАЦЫЯ МАЛАДОГА ФРОНТУ ПРЫБЫЛА Ў ПРАГУ


Вольга Караткевіч, Прага

(Валынец: ) “Нас затрымалі на мяжы з Польшчай і трымалі недзе пяць гадзінаў – зь 9 вечара да 2 ночы. Прычым, самі памежнікі нам паведамілі, што ўжо даўно нас чакаюць. Яны вельмі пільна нас даглядалі, уключна з жаночымі касмэтычкамі і астатнімі інтымнымі рэчамі. Вельмі пільна даглядалі аўтобус, разьбіралі некаторыя яго часткі, спрабавалі нешта знайсьці. Праглядалі ўсе касэты, якія мы везьлі – Незвычайны канцэрт, Сьлёзы блуднага сына – прычым, кожная касэта была прагледжаная. Праслухоўваліся ўсе аўдыёкасэты. Былі канфіскаваныя некалькі асобнікаў агляду “Правы чалавека” за 2000 год, якія выдала праваабарончая арганізацыя “Вясна”. Пасьля таго, як нас пратрымалі 5 гадзінаў у холадзе, мяне выклікалі на допыт да начальніка мытні, які спрабаваў высьветліць, для чаго мы вязем кніжкі, куды мы едзем, чаму мы спрабуем падарваць аўтарытэт нашага прэзыдэнта, што напісана ў гэтых кніжках – яны былі па-ангельску, а з перакладнікамі ўначы на мытні праблемы. Але ўсё скончылася добра, самі памежнікі аказаліся вельмі неблагімі людзьмі – калі мы лягічна растлумачылі, што гэтая літаратура адпавядае нашым зацікаўленьням, па-чалавечы паразмяўлялі… Я яшчэ хацела б заўважыць, што пасьля таго, як нас агледзелі, мы патэлефанавалі ў Менск і даведаліся, што пра нас казалі ў “Рэзанансе” і назвалі нас групай маладых беларускіх шпіёнаў, якія едуць у Чэхію з мэтай падарваць прэстыж нашага прэзыдэнта. І яшчэ. Калі мы выяжджалі, нас чалавек у цывільным здымаў на відэа даволі доўгі час”.

(Карэспандэнт: ) “Тут, у Чэхіі, вы можаце ўздыхнуць вальней. Раскажыце, калі ласка, пра праграму побыту ў Празе”.

(Валынец: ) “Нас чакае вельмі шмат сустрэчаў. Мы будзем сустракацца з чэскімі сэнатарамі, з кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта. Тут будуць сэмінары, лекцыі, прысьвечаныя менавіта выбарам, таму што мы прыехалі сюды атрымаць досьвед чэхаў падчас выбарчых кампаніяў, і зьбіраемся гэты вопыт скарыстаць у сябе на радзіме. Мы зьбіраемся вывесьці на выбары тысячы маладых людзей, прыцягнуць іх да галасваньня і да актыўнасьці”.

XS
SM
MD
LG