Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СЕВЯРЫНЦА ЗАТРЫМАЛІ ПАДЧАС АКЦЫІ ЛЯ БЕЛАРУСКАГА ТЭЛЕБАЧАНЬНЯ


Ганна Соусь, Менск

Сёньня а 12-й гадзіне Малады Фронт ладзіў пэрформанс каля Беларускага тэлебачаньня. 25 чалавек у бутафорскім вайсковым адзеньні, некаторыя зь іх мелі выгляд беларускіх партызанаў Другой усясьветнай вайны, хацелі перадаць позвы тым, хто ўхіляецца ад мабілізацыі на выбарчую кампанію 2001 году. Імпрэзай кіраваў Павал Севярынец.

(Севярынец: ) "Маладым Фронтам абвешчаная поўная мабілізацыя на прэзыдэнцкія выбары. Але ёсьць укланісты, якія не жадаюць служыць на дабро радзіме. Ёсьць тыя людзі, якія ўхіляюцца ад службы й не дазваляюць нам праводзіць поўную мабілізацыю.

Сёньня ў нас гасьцюе місія NATO, і гэтыя людзі павінны ведаць, што мы забясьпечым поўную мабілізацыю моладзі на прэзыдэнцкіх выбарах. Усе паўтара мільёна маладых людзей патрапяць на выбарчыя ўчасткі. Байцы Маладога Фронту, да абароны Венскай канвэнцыі правоў чалавека ды Маастрыхскай дамовы гатовыя?”

(Маладафронтаўцы: ) "Служым Эразьвязу!"

Пасьля гэтага Павал Севярынец зайшоў у будынак Беларускага тэлебачаньня ды падаў позвы дзяжурнаму міліцыянту.

(Севярынец: ) "Толік Казіятка, Алесь Зімоўскі, Юрась Азаронак, Сева Янчэўскі, Ягор Рыбакоў — усе гэтыя спадары…

(Дзяжурны міліцыянт: ) "А мне?"

(Севярынец: ) "А Вам — не, бо Вас мы запросім асобнай позвай… Вы выконваеце свае абавязкі, а гэтыя людзі не выконваюць.

Малодшаму мэханіку Тэлерадыёлякацыі ды прапаганды перадаем позву. Севе Янчэўскаму, “мальчышу-кібальчышу”, улічваючы ягоныя неаднаразовыя просьбы, прадастаўляецца магчымасьць памерці за прэзыдэнта, як ён таго і прасіў.

Толю Казіятку, дырэктару стацыянарнага комплексу “Піларама” рэзчыку праўды-маткі просьба на зборным пункце не губляць прытомнасьць ды абысьціся без галавакружэньняў ды потных далоняў.

Алесю Зімоўскаму, рэзчыку праўды-бацькі, каб вяшчаць як рэзаны. Ягоная адтэрміноўка ў сувязі зь вечаровымі прыступамі энурэзанансу да поўнага нетрыманьня ануляваная.

Юрасю Азаронку. Няпоўная сям’я, дзеці хлусьні, хранічная нянавісьць ды таемныя спружыны ўнутраных комплексаў ня могуць служыць падставай для адтэрміноўкі ад мабілізацыі.

Прыпіска адбываецца на зборным пункце Варвашэні, 8 шточацьвер а 19-й гадзіне. Я думаю, што NATO будзе сёньня задаволенае”.

(Дзяжурны міліцыянт: ) “Зразумеў. Усё, дзякуй”.

Цікавая рэч: пасьля прамовы Севярынца адзін зь міліцыянтаў ціха прамовіў: “Жыве Беларусь!”. Як толькі Павал Севярынец выйшаў з тэлебачаньня, да яго падышлі міліцыянты ды завялі ў сваю машыну. Затрыманьнем загадваў кіраўнік аддзяленьня ў справе масавых мерапрыемстваў менскай міліцыі спадар Гірэль.

(Карэспандэнтка: ) "За што затрымалі спадара Севярынца?"

(Гірэль: ) "За 25 сакавіка, за парушэньне мітынгаў, шэсьцяў і дэманстрацыяў пры правядзеньні несанкцыянаванага мерапрыемства".

Паводле спадара Гірэля, Паўла Севярынца павезьлі ў Першамайскі РАУС. Маладафронтаўцы вырашылі ісьці туды па праспэкце Скарыны.

Я знаходжуся побач зь Першамайскім РАУСам. Група маладых людзей, каля 25 чалавек, у вайсковым адзеньні спынілася каля РАУСу. Я запытваюся — што яны зьбіраюцца рабіць?

(Цімох Атрошчанка: ) "Сюды завезьлі нашага лідэра Паўла Севярынца, мы жадаем даведацца пра ягоны лёс, чаму яго затрымалі і што зь ім будзе наагул".

Але ж дзяжурныя міліцыянты Першамайскага РАУСу паведамілі, што Севярынца сюды ніхто не прывозіў. Спадар Гірэль, які хутка зьявіўся тут, параіў шукаць лідэра Маладога Фронту ў Цэнтральным РАУСе. Неўзабаве ён запрасіў для адмысловай размовы адну з паплечніц Паўла Севярынца Наталью Кійко. Яе трымалі ў міліцэйскім пастарунку каля 20 хвілінаў.

(Кійко: ) "Мяне затрымалі дзеля тлумачальнай размовы пра несанкцыянаванае шэсьце. Сказалі, што я ўзяла на сябе адказнасьць, забраўшы маладых людзей з Макаёнка, каб правесьці несанкцыянаванае шэсьце. Размаўлялі адносна ветліва, але ж на павышаных танах, пужалі тым, што я многа на сябе бяру, сказалі, што я падстаўляю моладзь".

Пасьля маладафронтаўцы паасобку накіраваліся да Цэнтральнага РАУСу — высьвятляць лёс свайго лідэра. Паводле зьвестак, што мы мелі ў часе падрыхтоўкі гэтага сюжэту, супрацоўнікі міліцыі павезьлі Паўла Севярынца ў суд Цэнтральнага раёну.
XS
SM
MD
LG