Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭЗЫДЭНТАМ НАК НА ДРУГІ ТЭРМІН АБРАЛІ АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКУ


Ігар Карней, Менск

Напярэдадні справаздачнага сходу Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг гучных заяваў на спартовую тэму.

Напрыклад, учора ў адмысловым тэлезвароце Лукашэнка акрэсьліў сваё асноўнае дасягненьне на найвышэйшай спартовай пасадзе: “Я як прэзыдэнт НАК ня даў, у адрозьненьні ад іншых краінаў, крыміналізаваць ды прыватызаваць беларускі спорт”.

Дзякуючы чаму гэта адбылося, можна меркаваць зь ягонага інтэрвію “Спартыўнай панараме”: “Кожны кіраўнік спартовай фэдэрацыі павінен дрыжэць за сваё працоўнае месца”.

Сёньня "дрыжэлі" ўсе, бо пэрспэктыва хадзіць са справаздачамі да Лукашэнкі ня вабіла нікога. Таму на жэст Лукашэнкі, маўляў, выбірайце каго іншага, вартых людзей хапае, усе "вартыя" адзінадушна прагаласавалі за старога прэзыдэнта. Рэдкія апанэнты Лукашэнкі сьцьвярджаюць, што такога яны ня бачылі з часу савецкіх партыйных зьездаў.

Лукашэнка не хавае, што ягонае кіраўніцтва вызначае палітыка жорсткай рукі, бо адзін з адказаў той жа “Спартыўнай панараме” даволі цынічны: я, маўляў, ня самы вялікі спэцыяліст у спорце, але нашыя меркаваньні са спартовымі спэцыялістамі супадаюць. Іншымі словамі, дае зразумець, што пазыцыя сапраўдных адмыслоўцаў яго цікавіць у апошнюю чаргу.

Вось як сам Лукашэнка тлумачыць, чаму так важна, каб менавіта ён курыраваў вялікі спорт.

(Лукашэнка: ) “Спорт — гэта ня проста паскакалі, пабегалі, і на гэтым усё. Спорт — гэта вялікая палітыка. Успомніце гады халоднай вайны; якія былі сутыкненьні паміж ЗША і Савецкім Саюзам. Гучыць гімн — гэта палітыка. Сымболіка нацыянальная, а не нямецкая на нашых майках — гэта таксама вялікая палітыка. На вас глядзяць, у вас вучацца, з вас бяруць прыклад. Таму для мяне як кіраўніка дзяржавы спорт вельмі важны”.

Што вынік сёньня будзе станоўчы для Лукашэнкі, ніхто не сумняваўся. Прапагандысцкая кампанія, разгоргнутая чынавенствам НАК яшчэ за месяц да абвешчанага сходу, пераўзышла ўсе ўзоры вернападданьніцтва. На адзін голас заяўлялі, што толькі Лукашэнка здольны выратаваць спорт у такі няпросты час.

“Дзяжурны кандыдат” на месца кіраўніка Алімпійскага камітэту былы барэц Аляксандар Мядзьведзь адразу ж заявіў пра самаадвод, аргумэнтаваўшы гэта тым, што эфэктыўна падтрымліваць спорт можна толькі на высокай дзяржаўнай пасадзе.

(Мядзьведзь: ) “Я нядаўна прыехаў зь Югаславіі, і спорт там выжывае толькі з рэзэрвы, што засталася ад старых часоў. Ня вельмі прыемны ўзор. У нас таксама эканоміка ў цяжкім стане, але й бяз спорту нікуды ня дзенесься. Трэба трымаць узровень. Гэта прэстыж краіны, прэстыж будучай нацыі”.

Каб атмасфэра пераабраньня кіраўніцтва НАК была яшчэ больш узьнёслай, на сход, нягледзячы на пэрсанальныя абяцаньні віцэ-прэзыдэнта НАК Генадзя Аляксеенкі, ня быў акрэдытаваны ніводны журналіст недзяржаўных мэдыяў. Відавочна, апошнія нават сваёй прысутнасьцю маглі выклікаць непатрэбны ў такім выпадку дыскамфорт.

А таму спытацца, чым зможа Лукашэнка дапамагчы спорту ў выпадку сваёй паразы на прэзыдэнцкіх выбарах, ніхто не наважыўся.
XS
SM
MD
LG