Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОМЕЛІ НА НАРАДУ ЧЫНОЎНІКАЎ ЗЬ МЯСЬНІКОВІЧАМ ЖУРНАЛІСТАЎ НЕ ПУСЬЦІЛІ


Казімер Яноўскі, Гомель

У аблсельгасхарчы сёньня зранку зьбіралі намесьнікаў старшыняў выканкамаў па сельскай гаспадарцы ды інфармацыйнай рабоце. Журналістаў у залю запусьцілі літаральна на 10 хвілінаў, цягам якіх яны пачулі ад Мясьніковіча аб надзвычай незадавальняючым стане аграпрамысловага комплексу рэгіёну напярэдадні веснавой сяўбы. З-за страшэннай бесгаспадарчасьці, сказаў кіраўнік адміністрацыі, гаспадаркі не атрымалі 16 мільярдаў рублёў прыбытку, якіх цяпер не хапае на ўгнаеньні, насеньне і паліва. Усьлед за гэтым журналістаў, у тым ліку “Советской Белорусии”, “Зьвязды”, “Беларускай нівы”, намесьнік старшыні аблвыканкаму па інфармацыі Валер Ахрэсьцін папрасіў пакінуць залю – маўляў, такое патрабаваньне кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі.

Зрэшты, гаротны стан сельскай гаспадаркі не зьяўляецца сакрэтам. Начальнікі раённых сельгасуправаў пры агульным абвале эканомікі ня ведаюць, дзе знайсьці грошы на выплату заробкаў. Гэта, прынамсі, паслужыла прычынай таго, што на нарадзе Міхаіл Мясьніковіч запатрабаваў вызваліць ад пасады намесьніка старшыні Жлобінскага райвыканкаму, начальніка Райсельгасхарчу Ўладзімера Навуменку. Каб не праваліць пасяўную кампанію, улады вымушаныя перакладаць выдаткі на прамысловыя прадпрыемствы і чыгунку. Так што апроч пошуку сродкаў на сяўбу ўладам трэба яшч ж і патлумачыць гнрамадзянам перад прэзыдэнцкімі выбарамі, чаму сельская гаспадарка даведзеная да заняпаду. Журналісты тут толькі перашкода.
XS
SM
MD
LG