Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЕНЯВЫ ЎРАД БЕЛАРУСІ ЗАВЯРШАЕ ПАДРЫХТОЎКУ ПЛЯТФОРМЫ ДЛЯ КАНДЫДАТА НА ПРЭЗЫДЭНТА АД ДЭМАКРАТЫЧНЫХ СІЛАЎ


Уладзімер Глод, Менск

“Ценявы ўрад” Беларусі сёньня аднагалосна прыняў за аснову дакумэнт “Прапановы для плятформы кандыдата на прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад дэмакратычных сілаў”. Каб прыйсьці да такога выніку, шэсьць тыдняў працавала адмысловая рабочая група, было тры паседжаньні самога ўраду.

Гэта дакумэнт на 6 старонак; цікава, што пасьля кожнага паседжаньня праект плятформы меншаў. Збольшага таму, што ягоныя аўтары адкідалі канкрэтныя лічбы.

Характэрным у гэтым сэнсе зьяўляецца наступны прыклад. Цяперашняя плятформа мае палажэньне аб неабходнасьці зьменшыць падатак на прыбытак. Але канкрэтных лічбаў у дакумэнце больш няма. Няма таму, што кожны з кандыдатаў на прэзыдэнта, які захоча скарыстацца распрацоўкамі ценявага ўраду, паставіць лічбу, якую прапануюць эканамісты ягонай перадвыбарчай каманды.

Выключылі з плятформы й палажэньне пра кампэнсацыю ўкладаў тым людзям, якія яшчэ за савецкім часам паклалі грошы ў ашчадныя банкі. Прычына вельмі простая — аніякі прэзыдэнт такога абяцаньня ня выканае, ня хопіць сродкаў.

З другога боку, і сёньня былі новыя прапановы да праекту. Напрыклад, Уладзімер Нісьцюк лічыць надзвычай важным мясцовае самакіраваньне.

(Нісьцюк: ) "Лукашэнка практычна зьнішчыў мясцовыя саветы. Спачатку зьнішчыў іх у раёнах і гарадах, потым скасаваў штаты мясцовых саветаў да абласных уключна. І зараз яны не існуюць як структуры народнай улады. Таму трэба вяртаць іх у Беларусь.

І гэтую народную ўладу можна вярнуць толькі тады, калі будуць распрацаваныя й рэалізаваныя прынцыпы мясцовага самакіраваньня. Ня толькі структуры мясцовых саветаў вярнуць як структуры народнай улады, але й дайсьці да таго, каб усе кіраўнікі ўсіх узроўняў абіраліся толькі народам.

Тады яны ня будуць справаздачныя перад “верхам”, які іх прызначыў, і ня будуць даклады пісаць ліпавыя. А будуць залежаць ад сваіх выбаршчыкаў, ад людзей, якія будуць патрабаваць зь іх працу".

Напрыканцы гэтага тыдня адмысловая рабочая група зробіць апошнія заўвагі да плятформы. А напачатку красавіка яна будзе надрукаваная. Кожнаму з кандыдатаў на прэзыдэнта дазваляецца скарыстацца распрацоўкамі ценявога ўраду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG