Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ БАЯЦЦА КАЗАЧНАГА ДЗІЦЯЧАГА ВОКЛІЧУ “КАРОЛЬ – ГОЛЫ!”


Юры Дракахруст, Прага

На першы погляд, гэтыя захады выглядаюць відавочным глупствам. Усе ж Беларусь – не Паўночная Карэя і не былы СССР: ёсьць незалежны друк, ёсьць Інтэрнэт, нарэшце, ёсьць расейскія мэдыі. Аўдыторыя расейскага тэлебачаньня ў Беларусі, давер да яго значна большыя, чым да айчыннага чыкінска-зімоўскага тэлебачаньня. Можа, расейскія мэдыі і ня лепшы настаўнік дэмакратыі, але і сродкам лукашэнкаўскай прапаганды яны, відавочна, не зьяўляюцца. “Жалезнай заслоны”, якая існавала ў савецкія часы, даўно няма, і беларусы даведваюцца пра замежнае жыцьцё ня толькі з перадачаў беларускага тэлебачаньня.

Здавалася б, у гэтых умовах прымушаць дзяцей і дарослых людзей паўтараць штампы дзяржаўнай прапаганды – справа марная і шкодная нават з пункту гледжаньня інтэрэсаў самой улады, нават дзеці ня любяць, калі іх трымаюць за дурняў. Чаму ж гэта адбываецца?

У савецкія часы партыйныя таварышы на ідэалягічных нарадах вельмі часта гаварылі пра неэфэктыўнасьць кожнага асобнага сродку масавай інфармацыі. Але ўплыў савецкай прапаганды дасягаўся не пераканаўчасьцю доказаў, а татальнасьцю: з экрану тэлевізара, са старонкі газэты, на палітінфармацыі – з усіх бакоў савецкі чалавек атрымліваў адно і тое ж. Прычым, палітінфармацыі адыгрывалі ў гэтым узьдзеяньні не апошнюю ролю.

Калі незнаёмы чалавек з “блакітнага экрану” распавядае, як увесь беларускі народ любіць свайго правадыра, глядач можа і ня даць гэтаму веры. Для чалавека народ – гэта ягонае атачэньне: радня, знаёмыя, калегі па працы і навучаньню. Таму дзеля ўзмацненьня прапаганда мусіць “залезьці” ў гэтае атачэньне – у школьную клясу, у цэх, у студэнцкую аўдыторыю. Хай тыя людзі, якія для чалавека і складаюць народ, паўтараюць ухвалы і праклёны афіцыйнай прапаганды. Тут ужо спрацоўвае псыхалёгія: можа, ня так яно ўсё і добра, але ж вось людзі гавораць. Хай і няшчыра гавораць, але ж, відаць, так трэба, так прынята.

Да таго ж палітінфармацыі – добры сродак, так бы мовіць, “кадравай палітыкі”. Дзеці больш шчырыя за дарослых, раптам хто зь іх падчас палітінфармацыі скажа: “Ды што вы гэтага Лукашэнку хваліце. Вось мой бацька казаў…” Варта паведаміць, куды трэба, а там прыгледзецца і да дзіцяці, і да бацькі. Ну і наадварот: шчыраваньні Зімоўскага можна паўтараць, як папугай, а можна – з бляскам у вачах. Цяперашняя ўлада, як і савецкая, мяркуе існаваць вечна, трэба ж выхоўваць зьмену.

Не ў апошнюю чаргу новая палітыка – сродак выхаваньня выхавальнікаў. Ані палітінфармацыі, ані забарона студэнцкіх дыплёмаў крытычнага зьместу ніякімі законамі не прадугледжаныя. Адмовяцца настаўнікі, выкладчыкі выконваць гэтыя загады – свабоды ў Беларусі стане больш. А пагодзяцца, скарацца перад сваім страхам – і стануць саўдзельнікамі афіцыйный хлусьні. Выбар заўсёды застаецца за чалавекам.

Паколькі дыктатуры пабудаваныя менавіта на хлусьні, на слове, ім ўласьцівы страх перад магіяй слова. Ну напісаў студэнт дыплёмную працу пра крызыс у Беларусі, што, улада абрынецца? Абрынецца не абрынецца, але слова будзе сказанае. Адзін сказаў, другі і пайшло.
Казка Андэрсэна пра новае адзеньне караля – не меэтафара, а, можна сказаць, навуковае апісаньне прыроды аўтарытарнай улады. Яе адзеньне сапраўды скроенае з пустэчы, са словаў. І таму больш за ўсё яны баіцца дзіцячага крыку: “Кароль – голы”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG