Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭЛЕГАЦЫЯ ПАРЛЯМЭНТАРОЎ NATO Ў МЕНСКУ


Юры Сьвірко, Менск

Сёньня раніцай дэлегацыя Парлямэнцкае асамблеі NATO на чале зь ейным віцэ-прэзыдэнтам дэпутатам нямецкага бундэстагу Маркусам Мэкелем сустрэлася зь міністрам замежных справаў Міхаілам Хвастовым, які заявіў, што Беларусь зацікаўленая працягваць ды разьвіваць стасункі з NATO. Прэсавы сакратар МЗС падаў дэталі гэтае размовы:

(Латушка: ) "У прыватнасьці, зь беларускага боку было падкрэсьлена, што супрацоўніцтва з NATO зьяўляецца найважнейшым прыярытэтам для інтарэсаў нашай краіны. Таксама міністар Хвастоў падкрэсьліў, што мы зацікаўленыя ў падвышэньні ўзроўню даверу паміж Парлямэнцкай асамблеяй і нашай краінай. Было падкрэсьлена, што патэнцыял супрацоўніцтва застаецца вельмі значным. Вельмі важным момантам зьяўляецца супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і NATO ў рамках праграмы "Партнэрства дзеля міру".

(Карэспандэнт: ) "Вы на брыфінгу ў чацьвер казалі, што дэлегацыя Парлямэнцкае асамблеі NATO прыехала на запрашэньне Нацыянальнага сходу Беларусі. Але асамблея гэта абвяргае й кажа, што гэта спроба беларускіх уладаў няправільна прадставіць сапраўдную мэту візыту і гэта не спрыяе ўсталяваньню добрых стасункаў паміж асамблеяй і народам Беларусі. Як вы на гэта адрэагуеце?"
(Латушка: ) "Я хацеў бы сказаць, што ініцыятыва прыезду Парлямэнцкае асамблеі NATO ў Беларусь была з двух бакоў. Яна, канечне ж, была ініцыятывай самой Парлямэнцкай Асамблеі NATO. Гэта было таксама ініцыятывай беларускага боку, таму што, як вядома, ПА NATO без ініцыятывы, бяз згоды беларускага боку таксама не магла б прыехаць у Беларусь", — паведаміў спадар Латушка, прэсавы сакратар МЗС Беларусі.

Пакуль спадар Хвастоў казаў пра неабходнасьць падвышэньня ўзроўню даверу паміж Беларусьсю ды NATO, дэпутат "палаты прадстаўнікоў" Сяргей Касьцян зноў абвесьціў пра стварэньне дэпутацкае групы "Анты-NATO", якая будзе функцыянаваць у "палаце" без афіцыйнага зацьверджаньня, каб не было "адкрытага супрацьстаяньня".

Узначаліць "Анты-NATO" ўжо ня сам Касьцян, як гэта было ў першай "палаце", а Марыя Праташчык. Цікава, што дэлегацыя парлямэнтароў краінаў NATO адмовілася ад сустрэчы ў памяшканьні "палаты прадстаўнікоў", аднак на размову ў гатэль былі запрошаныя дэпутаты Вольга Абрамава ды Ўладзімер Навасяд.

Паводле вынікаў менскага візыту падкамітэт Парлямэнцкае асамблеі NATO, які адказвае за пытаньні дэмакратызацыі ў Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропе, падрыхтуе адмысловы даклад для Сталага камітэту NATO.

У даклад, мажліва, трапіць нядаўняе інтэрвію старшыні КГБ Беларусі Леаніда Ерына тэлепраграме "Панарама", дзе той адзначыў "рэзкую актывізацыю прысутнасьці замежных арганізацыяў, асобных грамадзянаў, якія прапагандуюць пэўныя ідэі ды інтарэсы". Паводле спадара Ерына, гэтая дзейнасьць прыхоўваецца самымі высокімі мэтамі — барацьбой за правы й свабоду грамадзян, наданьнем гуманітарнае дапамогі, падтрымкай грамадзкіх арганізацыяў.

"Неўзабаве мы ў цэлым перагледзім нашу палітыку што да прысутнасьці на нашай тэрыторыі замежных грамадзянаў, а калі будзе патрэбна, дык і прадстаўніцтваў замежных арганізацыяў", — заявіў старшыня КГБ Беларусі.

Ён таксама згадаў пра чыноўніка Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, які нядаўна выказаў спадзяваньне на зьмены ў Лукашэнкавым дэкрэце №8 пра забарону выкарыстаньня замежнае дапамогі, і дадаў: "КГБ зробіць усё, каб выканаць дэкрэт №8 прэзыдэнта Беларусі". Леанід Ерын паведаміў, што існуе пакуль не апублікаваная ўрадавая пастанова пра гуманітарную дапамогу, але й гэтую пастанову шэф КГБ паабяцаў выканаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG