Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫЯ СЬЦЯГІ НАД СТАДЫЁНАМ У КІЕВЕ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Каля 20 заўзятараў футбольнай зборнай Беларусі застаюцца ў пастарунках кіеўскай міліцыі — пра гэта паведамляюць сябры моладзевай арганізацыі “Зубар”, якія прысутнічалі на футбольных сустрэчах зборных Украіны й Беларусі ды сёньня вярнуліся з Кіева.

Паводле інфармацыі “зубраў”, сярод затрыманых 5 чалавек належаць да Партыі Свабоды, астатнія — звычайныя заўзятары. Менавіта гэтыя хлопцы бралі ўдзел ў абедзьвюх сутычках з украінскімі заўзятарамі 23 сакавіка на Храшчаціку і 24 сакавіка ля Палацу спорту, — сьцьвярджаюць актывісты “Зубра”.

Тымчасам украінскія й расейскія мэдыі паведамляюць, што ў выніку сутычак у Кіеве некалькі дзясяткаў чалавек пацярпелі, і да 100 чалавек затрымалі.

“Зубры” перакананыя, што колькасьць затрыманых ўдвая меншая. Адказнасьць за сутычкі яны ўскладаюць на ўкраінскіх і неарганізаваных беларускіх заўзятараў. Сябры “Зубра” кажуць, што й пасьля гульні ў суботу ўкраінскія заўзятары ня раз правакавалі іх на бойкі, якіх удалося пазьбегнуць толькі дзякуючы ўкраінскім міліцыянтам.

Мой суразмоўца Кірыл, які быў сярод беларускіх заўзятараў, параўноўвае дзеяньні ўкраінскіх і нашых амонаўцаў у падобных сытуацыях:

(Кірыл: ) "Мяркуючы па паводзінах украінскіх амонаўцаў, няма ў іх той жорсткасьці й ваяўнічасьці, якія ёсьць у нашых. Яны глядзяць на нас як на людзей, зь якімі можна весьці перамовы, дапамагаць, і мы будзем ставіцца да іх добра. Прыкладам, украінскія міліцыянты пасьля матчу моладзевых зборных дапамаглі нам знайсьці танны гатэль, прасілі, каб нас туды ўзялі ды ўвогуле рабілі ўсё, каб з намі нічога дрэннага на здарылася".

Кірыл падрабязна распавёў пра паводзіны беларускіх амонаўцаў, якіх на матчы было каля 50. Яны былі апранутыя ў сваю звычайную плямістую форму, але ня мелі ніякага ўзбраеньня і ў падзеі ня ўмешваліся. Затое старанна здымалі на некалькі відэакамэраў сваіх землякоў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.

А вось іхныя калегі з украінскага АМОНу “Беркут” надзвычайнай цікаўнасьці да беларускай сымболікі не выяўлялі, даючы нашым хлопцам дэманстраваць эмоцыі.

(Кірыл: ) "Бел-чырвона-белыя сьцягі ўспрымаліся вельмі натуральна, пад імі аб’ядноўваліся амаль усе заўзятары. Некалькі разоў вялікі бел-чырвона-белы сьцяг памерам прыкладна два на чатыры мэтры на рукох перадавалі ўгару і вярталі наніз, але ўсё было добра, “беркутаўцы” гэтаму не перашкаджалі. Яны проста стаялі ў праходах і нам не заміналі.

Некаторыя беларускія амонаўцы, што прыехалі, размаўлялі зь "беркутаўцамі". Адны ўсьміхаліся, гледзячы на сьцягі, другія паглядалі варожа, але нічога зрабіць не маглі".

Паводле зьвестак сяброў “Зубра”, у Кіеў менскія амонаўцы прыяжджалі на адмысловым цягніку, які арганізавала камэрцыйная фірма. Квіток на гэты цягнік быў удвая даражэйшы за квіток на электрычку зь Менску да Кіева. Між тым, беларускія амонаўцы за вандроўку ў Кіеў нічога не плацілі. Ёсьць зьвесткі, што ўсе выдаткі кампэнсавала міліцэйскае ведамства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG