Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШЭНГЕНСКАЯ ЗОНА ПАШЫРЫЛАСЯ НА ПОЎНАЧ


Кастусь Бандарук, Прага

Нагадаю, што ідэя бязьвізавага руху ў эўрапэйскіх краінах узьнікла ў палове 80-х гадоў. У 1985 годзе Бэльгія, Галяндыя, Люксэмбург, Нямеччына і Францыя падпісалі ў Шэнгэне (Люксэмбург) дамоўленасьць аб паступовым скасаваньні кантролю пры перамяшчэньні людзей.

У 95-м годзе да Шэнгенскага пагадненьня далучыліся Гішпанія і Партугалія, у 98-м - Аўстрыя, Грэцыя ды Італія, а апошнімі – пяць скандынаўскіх краінаў, якія, дарэчы, паміж сабою ўжо даўно ўвялі бязвізавы рух.

Зараз яны выдаткавалі дзесяткі мільёнаў даляраў на практычнае прыстасаваньне сваіх лётнішчаў, портаў і кантрольна-прапускных пунтаў да членства ў Шэнгенскай дамове. Для шэраговага грамадзяніна гэтых краінаў далучэньне да Шэнгенскага пагадненьня азначае значную выгаду: на ніводнай мяжы, ад арктычных ускраінаў Нарвэгіі, да сонечнага поўдню Гішпаніі, яго ніхто не перапыніць для пашпартнага кантролю.

Аднак апанэнты дамовы цьвердзяць, што Шэнгенская зона мае свае і плюсы, і мінусы. Плюсы для аднах, а мінусы для другіх. Яна аблягчае толькі перамяшчэньне на тэрыторыі краінаў-сябраў, але затое ўскладняе ўезд з паза яе, а таксама атрыманьне статусу палітычнага ўцекача.

“Шэнген схіляе да расізму”, - гэта надпіс на адным з плякатаў ў Стокгальме, дзе ў суботу закончылася сустрэча лідэраў Эўразьвязу, прысьвечаная паскарэньню эканамічных рэформаў ў Зьвязе. Нарвэскі рух пад назвай “Не – Эўразьвязу” лічыць шэнгенскі дагавор крокам ў напрамку стварэньня “Эўрапэйскай крэпасьці”, звышдзяржавы, якая пазбавіць паасобныя краіны права самастойна прымаць рашэньні. “Эўропа робіцца ўсё больш недаступнай для палітычных уцекачоў”, -- заявіў старшыня Руху “Не – Эўразьвязу” Ганс Лінквіст.

Справа ў тым, што швэдзкія іміграцыйныя законы адносна лібэральныя і, дзякуючы ім, сярод скандынаўскіх краінаў Швэцыя стала найбольш прывабнай краінай для тых, хто шукае палітычнага прытулку. Аднак каб атрымаць палітычны прытулак у Швэцыі, трэба сьпярша дасягнуць ейнай мяжы. Зараз заяўку на атрыманьне статусу палітычнага уцекача трэба падаваць ў першай краіне, пасьля перасячэньня мяжы Шэнгенскай зоны .

Гэта можа быць, напрыклад, Аўстрыя, дзе чужынцаў вітаюць далёка не “хлебам-сольлю”.

“Шэнген дае права прымаць рашэньне аб палітычным прытулку далёка ад межаў Швэцыі, у месцы, дзе няма шанцу на яго атрыманьне”, - лічыць Ганс Лінквіст і, на ягоную думку, гэта адзін з мінусаў Шэнегенскага пагадненьня.
XS
SM
MD
LG