Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАВОДЛЕ ЛІДЭРАЎ АПАЗЫЦЫІ, 25 САКАВІКА ЎЛАДЫ ПАКАЗАЛІ СТРАХ І БЕЗДАПАМОЖНАСЬЦЬ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня арганізатары сьвяткаваньня Дня Волі спадарства Вячорка, Лябедзька, Кароль і Гюнтэр арганізавалі прэсавую канфэрэнцыю, у часе якой падсумавалі вынікі ўчорашняй акцыі ў Менску.

Лідэр БНФ Вінцук Вячорка адзначыў, што ўлады груба парушылі закон, забараніўшы правесьці шэсьце й мітынг у цэнтры гораду. Гарвыканкам ня меў права мяняць фармат мерапрыемства, і ад імя ўсіх арганізатараў Вячаслаў Сіўчык падаў адпаведны пазоў у суд. Паводле Вячоркі, пачынаючы з 1987 году прадстаўнікі апазыцыі заўжды адзначалі сьвята 25 Сакавіка ў цэнтры й не зьбіраліся мяняць традыцыю сёлета.

Арганізатары лічаць, што ва ўчорашніх шэсьці й мітынгу ўдзельнічалі каля 10 000 чалавек. Спадары Лябедзька, Вячорка ды іншыя гавораць, што акцыя прайшла годна й цывілізавана, нягледзячы на рэпрэсіі АМОНу і ўнутраных войскаў, якімі кіраваў асабіста міністар Уладзімер Навумаў. Гаворыць Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) "Мне здаецца, што падзеі 25 сакавіка ёсьць паразай уладаў. Яны павялі сябе неадэкватна, яны павялі сябе нерацыянальна. Яны паказалі, што ня могуць даць сабе рады зь мірным народам.

Можа, яны спадзяваліся, што мы паддамося на правакацыі — мы не паддаліся. І ў іх не было цывілізаванага варыянту выйсьця з гэтай сытуацыі. Сьвята адбылося — і падчас шэсьця, і каля стэлы, і адбылося яно-такі пазьней, ужо на пляцы Волі ў форме народных гуляньняў".

А вось як ацаніў учорашнія дзеяньні ўладаў супраць дэманстрантаў лідэр АГП Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Я думаю, што ўчора было прадэманстравана, што ў Лукашэнкі няма ніякага рэйтынгу 40-45%. Чалавек, які мае такі рэйтынг, даў бы мажлівасьць людзям свабодна прайсьці па вуліцах, каб яны адсьвяткавалі гэтае сьвята, ён аніяк бы не рэагаваў".

Сёньня кіраўніцтва Аб'яднанай грамадзянскай партыі распаўсюдзіла адмысловую заяву, у якой дзеяньні ўладаў названыя дэманстрацыяй слабасьці й страху напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Лідэры АГП кажуць, што за зьбіцьцё мірных грамадзянаў адказныя кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Міхаіл Мясьніковіч і міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў, якія кіравалі апэрацыяй каля абэліску "Менск горад-герой".

Паводле аўтараў заявы, міністар Навумаў бездапаможны ў расьсьледаваньні справаў Ганчара, Красоўскага, Захаранкі й Завадзкага, затое праявіў, пэрсанальна затрымліваючы мірных грамадзянаў.

Кіраўніцтва АГП таксама асудзіла дзеяньні невядомых, якія спалілі ўчора перад пачаткам шэсьця дзяржаўны сьцяг Расеі. На думку аўтараў заявы, расейскі трыкалёр ёсьць сьцягам Сахарава й Старавойтавай, а не Зюганава ды іншых імпэрыялістаў.

Паводле прадстаўніка праваабарончага цэнтру "Вясна" Барыса Гюнтэра, у выніку ўчорашняй апэрацыі МУС было затрымана каля 20 дэманстрантаў, а 11 чалавек, у тым ліку кіраўнік "Вясны" Алесь Бяляцкі й дэпутатка Вярхоўнага Савету Людміла Гразнова, правялі ноч у спэцпрыёмніку.

Учора міліцыянты таксама спрабавалі затрымаць актывіста АГП сп. Голасава. Сёньня лідэр АГП Анатоль Лябедзька зьвярнуўся да сяброў дэлегацыі Парлямэнцкай асамблеі NATO, якія гэтымі днямі знаходзяцца ў Менску, з просьбай пабыць на судовых працэсах над затрыманымі.

XS
SM
MD
LG